Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вярхоўны суд Беларусі надалей працягвае адхіляць скаргі незарэгістраваных кандыдатаў


Уладзімер Глод, Менск Сьпіс асобаў, чые скаргі адхіліў Вярхоўны суд, папоўнілі прафсаюзны актывіст Аляксандар Бухвостаў, сябра партыі камуністаў Беларускай Уладзімер Карпухін, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Качан, Уладзімер Мамонька ды іншыя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты.

30 верасьня Вярхоўны суд адмовіў кіраўніку Гомельскай абласной філіі “Народнай грамады” Юрыю Захаранку, вядомаму грамадзкаму дзеячу Гомельшчыны Віктару Карняенку ды іншым кандыдатам.

Спадара Захаранку акруговая камісія абвінавіцала ў тым, што ў ягоных лістах некаторыя подпісы нібыта зробленыя іншымі людзьмі. Аднак Юры Захаранка абверг гэтыя абвінавачаньні й спаслаўся на тое, што ў ягоным штабе засталіся ксэракопіі падпісных лістоў:

(Захаранка: ) “Нам было няцяжка абысьці большую частку выбарцаў, якія быццам бы паставілі не свае подпісы, і атрымаць ад іх пісьмовыя пацьверджаньні, што яны ўласнаручна ставілі гэтыя подпісы”.

Адстаяць сваё права ўдзелу ў выбарчай гонцы спрабуюць дзьве траціны з той сотні патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, чые скаргі не задаволіла Цэнтральная выбарчая камісія. Яшчэ траціна нават і не спрабавала зьвяртацца ў Вярхоўны суд.

Прынамсі, цяпер ужо былыя кандыдаты ў дэпутаты Генадзь Грушавы і Алег Трусаў тлумачыць гэта тым, што ня хочуць марнаваць часу, паколькі не разьлічваюць на аб’ектыўнасьць суду.

Паводле закону рашэньне Вярхоўнага суду — канчатковае. Аўтарам пазоваў у Вярхоўны суд раней было адмоўлена ў рэгістрацыі акруговымі камісіямі. Не задаволіў іх скаргі й Цэнтарвыбаркам.
XS
SM
MD
LG