Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менскай вобласьці: “Ці здолеюць кандыдаты ад апазыцыі трапіць у парлямэнт?”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На пытаньне тыдня адказваюць жыхары Пухавіцкага раёну, якіх апытваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрапяць кандыдаты ад апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў?”

(Спадар Віталь: ) “Хацелася б, каб хоць крышку патрапіла. А то пры ўладзе адзін чалавек і ўлада скіравана ў адзін бок”.

(Спадарыня Алена: ) “Цяжка сказаць. Ня ведаю кандыдатаў. Ніякай рэклямы пакуль няма”.

(Спадар Аляксей: ) “Мне здаецца, не”.

(Карэспандэнт ) “Чаму?”

(Спадар Аляксей: ) “Таму што патрэбна, каб апазыцыя дапамагала ўраду, падказвала, а ня бегала па заграніцах ды прасіла, каб газ даражэй прадавалі”.

(Спадар Іван: ) “Апазыцыя ў любой дзяржаве мусіць быць. Альтэрнатыва ўраду абавязана быць”.

(Спадар Віктар: ) “Мабыць, не. Не дадуць прайсьці”.

(Спадар Канстанцін: ) “Я сумняюся, што пройдзе”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Яны б вось прыехалі да нас і распавялі, чым яны лепш за Лукашэнку. Што яны лепш за яго зробяць? Зрабілі б лепш за Лукашэнку — напрыклад, пабудавалі бы бібліятэку ня дваццаць паверхаў, а дваццаць пяць. І сказалі б, што ў нас бібліятэка лепшая, чымсьці ў Лукашэнкі. Вось мы б ім паверылі”.

(Спадар Аляксандар: ) “Пройдуць, напэўна, нейкія прадстаўнікі. У нас па раёне з васьмі кандыдатаў пакінулі толькі чатырох. Адзін ад апазыцыі па судзе праходзіў”.

(Карэспандэнт: ) “А наагул ці патрэбная апазыцыя ў парлямэнце?”

(Спадар Аляксандар: ) “Нейкі працэнт мусіць быць”.

(Спадар Ігар: ) “А чаму б і ня быць ім у парлямэнце? Я лічу, што там павінны прысутнічаць розныя партыі”.

(Спадарыня Людміла: ) “Я таксама згодная з тым, што апазыцыя павінна быць у процівагу, каб была канкурэнцыя”.

(Спадар Аляксандар: ) “Па-іншаму і нельга. Таму што кішэнны парлямэнт толькі выгадны для прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы думаеце пра апазыцыю?”

(Спадарыня Ала: ) “Мне здаецца, што яны бунтары. Вось жывём сабе ціхенька і спакойненька. Хлеб ядзім, ваду п’ем — і досыць. Толькі б не было гэтай Чачэніі”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Мы ня “за” і ня “супраць”. Толькі каб была праца, каб было дзе грошы зарабляць. Вось езьдзяць нашы мужы на заробкі, заробяць там дзесьці на Поўначы крывёю і потам, вось гэта нашы грошы. А Лукашэнку мы не патрэбныя. Каб навучыць дзяцей — плацім. Чалавек нікому ў гэтым сьвеце не патрэбны, ні Лукашэнку, ні апазыцыі”.

(Спадар Яўген: ) “Ім яшчэ накрасьці трэба. А гэты ўжо накраў”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Яны будуць адстойваць сваё. А гэта значыць, што будуць прапаноўваць лепшае. І, як вынік, натуральна, і нам павінна быць лепш”.
XS
SM
MD
LG