Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму некаторыя партыі здымаюць сваіх кандыдатаў на карысьць кандыдатаў “ад улады”?


Валер Каліноўскі, Менск Шэраг кандыдатаў ад ЛДПБ і іншых партыяў адмовіліся ад барацьбы за дэпутацкі мандат – бальшыня на карысьць кандыдата “ад улады”. Некаторыя з тых, хто адмовіўся ад пасьведчаньня кандыдата, наўпрост заяўляюць, што зрабілі гэта на карысьць вылучэнца ад улады. Лідэр ЛДПБ заявіў, што ягонай партыі выгадна здымаць сваіх кандыдатаў з выбарчай гонкі.

Лідэр Рэспубліканскай партыі Уладзімер Белазор адмовіўся ад кандыдацтва, нягледзячы на тое, што дамагаўся рэгістрацыі праз Цэнтрвыбаркам. Ён сказаў Радыё Свабода, што адпаведную заяву падасьць у 104 акруговую камісію Менску найбліжэйшым часам. Патлумачыць матывы свайго ўчынку ён адмовіўся. Спадар Белазор працуе ў апараце Палаты прадстаўнікоў.

У гэтай жа акрузе адмовіўся ад барацьбы і сябра ЛДПБ Андрэй Плюто. Спадар Плюто таксама не захацеў патлумачыць матывы свайго ўчынку.

Акрамя яго, яшчэ некалькі кандыдатаў у дэпутаты ад ЛДПБ адмовіліся ад барацьбы. Адзін зь іх, Сяргей Пляшкун, у мясцовай прэсе напісаў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць кандыдата ад улады.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч пацьвердзіў, што цэлы шэраг кандыдатаў ад ягонай партыі ў Менску і Віцебску зьняліся: адзін зь іх з прычыны таго, што моцна захварэла жонка, іншы – сапраўды на карысьць кандыдата ад улады. Гэта было партыйнае рашэньне, прызнаў спадар Гайдукевіч. Ён ня выключыў, што будуць здымацца і іншыя кандыдаты ад партыі:

(Гайдукевіч: ) “Нашая партыя, каб вы цудоўна разумелі (а я ведаю, як вы думаеце) будзе рабіць так, як нам выгадна. Ня так, як камусьці хочацца, а так як нам выгадна”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што асабіста ён здымаць сваю кандыдатуру не зьбіраецца.

Пачалі здымаць свае кандыдатуры і кандыдаты ад апазыцыі. Пётра Голасаў з АГП зьняў сваю кандыдатуру ў Дзяржынскай акрузе на карысьць іншай прадстаўніцы апазыцыі Тацяны Ванінай:

(Голасаў: ) “Матыў адзіны і самы галоўны: я прынцыпова лічу, што на кожнай акрузе павінен застацца адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў. У іншым выпадку мы зноў-такі расьцягнем галасы і будзем страчваць давер нашых выбаршчыкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG