Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкія дэпутаты выступаюць супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі – увечары ў Бундэстагу адбудуцца дэбаты па Беларусі


Ул. інф. Нямецкія парлямэнтары патрабуюць ад свайго ўраду, каб парлямэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі дэмакратычна і празрыста, і такім чынам садзейнічалі працэсу дэмакратызацыі. Такі асноўны зьмест праекту рэзалюцыі па Беларусі, які сёньня ўвечары на Пленуме Бундэстагу прадставіць кіроўная фракцыя сацыял-дэмакратаў і зялёных.

Адначасна нямецкія сацыял-дэмакраты зьвяртаюць увагу свайго ўраду на тое, што ўмоваў для правядзеньня сапраўды свабодных выбараў у Беларусі няма. Беларускі рэжым па-ранейшаму перасьледуе апазыцыю, няўрадавыя арганізацыі, незалежную прэсу. Як вынікае з праекту рэзалюцыі, Бэрлін мусіць выразна запатрабаваць ад Менску, каб той спыніў гэты перасьлед.

На пленуме Бундэстагу будзе таксама абмеркаваны і другі праект рэзалюцыі па Беларусі, падрыхтаваны парлямэнцкай апазыцыяй – фракцыяй ХДС/ХСС (Хрысьціянская дэмакратычны саюз і Хрысьціянскі сацыялістычны саюз).

Як лічаць хрысьціянскія дэмакраты, размова афіцыйнага Бэрліна з афіцыйным Менскам павінна быць больш жорсткай. Бэрлін мусіць патрабаваць ад беларускага ўраду выкананьня ў часе выбараў асноўных умоваў АБСЭ, стварэньня умоваў для працы апазыцыйных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, незалежнай прэсы, вызваленьня палітвязьняў.

Як вынікае з дакумэнту, які прапануе ХДС/ХСС, нямецкі ўрад павінен ўсебакова падтрымліваць беларускую апазыцыю дый таксама вывучыць магчымасьці працы Міжнароднай камісіі па зьніклых беларускіх дзеячах. Дакладная інфармацыя па гэтым пытаньні павінна быць прадстаўленая Бундэстагу.

Як лічыць нямецкая апазыцыя, добрыя дачыненьні паміж нямецкім і расейскім ўрадамі мусяць быць усяляк выкарыстаныя дзеля дасягненьня дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

Дэбаты па Беларусі на Пленуме нямецкага Бундэстагу распачнуцца сёньня пасьля 22-й гадзіны паводле менскага часу. Праект рэзалюцыі ад фракцыі чырвона-зялёных прадставіць Ута Цапф, а ад фракцыі ХДС/ХСС – Клаўдыя Нольтэ.
XS
SM
MD
LG