Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест закрытага ўладамі тыднёвіка “Время” зьявілася газэта “Неделя”


Ігар Карней, Менск На рынку беларускіх мас-мэдыяў зьявілася новае недзяржаўнае выданьне – “Неделя”. Яно ёсьць дакладнай копіяй тыднёвіка “Время”, на тры месяцы закрытага міністэрства інфармацыі за няправільна ўказаны ў выходных дадзеных юрыдычны адрас.

“Неделя” практычна нічым не адрозьніваецца ад свайго папярэдніка, тыднёвіка “Время”: тыя ж аўтары, тэматыка, нават друкуецца газэта гэтаксама ў Расеі.

Галоўным аналітыкам, як і раней, – Міхаіл Падаляк, дэпартаваны Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ва Ўкраіну за “пагрозу падрыву канстытуцыйнага ладу”.

У гэтым нумары спадар Падаляк “з эміграцыі” працягвае сэрыю, распачатую яшчэ ў газэце “Время” – “Д’яблы ХХІ стагодзьдзя”: дасьледаваньне прысьвечанае кіраўніку Беларусі і ягонаму атачэньню.

Тут жа – аўтары зь ліку палітыкаў і эканамістаў: у першым нумары “дзесяцігодку” Лукашэнкі, перадвыбарную сытуацыю, а таксама верагодныя наступствы канстытуцыйнага рэфэрэндуму камэнтуюць Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Сяргей Калякін, Станіслаў Багданкевіч.

Рэдактарам газэты, як і апошніх нумароў тыднёвіка “Время”, – Генадзь Ананьеў. Напярэдадні я гутарыў зь ім пра пэрспэктывы выданьня.

(Ананьеў:) “Паколькі калектыў застаўся стары, будзем рабіць усё тое ж, што і ў газэце “Время”.

(Карэспандэнт: ) “Ці не атрымаецца так, што і да новай газэты неўзабаве ўзьнікнуць нейкія прэтэнзіі? Выданьне зарыентаванае вельмі востра, перадусім, палітычна”.

(Ананьеў: ) “Перашкоды ствараюцца ўжо цяпер. Спрабуюць зрабіць праблему з таго, што ў нас новы адрас, а мы міністэрству інфармацыі пра гэта быццам не паведамілі. Хоць, насамрэч, мы зрабілі гэта своечасова… Але да выбараў і да рэфэрэндуму наўрад ці ўлады штосьці пасьпеюць зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзе распаўсюджвацца газэта?”

(Ананьеў: ) “Бясплатна. У нас практычна ўсюды ёсьць свае распаўсюднікі. Мы дзелім газэту на роўныя часткі і разьмяркоўваем ва ўсе вобласьці”.

Наклад газэты “Неделя”– 40 тысячаў асобнікаў. Распаўсюджваць яе плянуецца на рынках, альбо ў іншых людных месцах гарадоў. Дарэчы, апошнім часам тыднёвік “Время” гэтаксама раздавалі бясплатна і, як кажуць заснавальнікі, попыт на выданьне нашмат перавышаў магчымасьці выдаўцоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG