Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў ужо два месяцы не прымае даверчыя лісты ад амбасадаркі Латвіі


Юры Сьвірко, Менск Ад пачатку жніўня новая амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора чакае ў Менску, пакуль беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў прыме копіі яе даверчых лістоў. Аднак спадар Мартынаў, так і не зрабіўшы гэтага, зьехаў у Нью-Ёрк на сэсію Генэральнай асамблеі ААН.

Без сустрэчы з кіраўніком МЗС і перадачы яму копіяў даверчых лістоў ніводзін замежны амбасадар ня можа афіцыйна пачаць працаваць у краіне. Беларускія ўлады раней ужо зацягвалі працэдуру акрэдытацыі замежных амбасадараў – папярэдні кіраўнік амэрыканскай місіі Майкл Козак некалькі месяцаў чакаў, пакуль Аляксандар Лукашэнка прыме ягоныя даверчыя лісты.

Аднак іх копіі спадар Козак уручыў міністру замежных справаў своечасова й змог пачаць працаваць афіцыйна.

Амбасадарка суседняй Латвіі Майра Мора гэтага права пакуль пазбаўленая, яна ня можа даваць і інтэрвію на гэтай пасадзе, хаця на інтэрнэт-сайце МЗС Латвіі паведамляецца, што менавіта яна ачольвае місію ў Менску.

Беларускае МЗС сёлета ў лютым, калі ў Рызе прайшла прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі з удзелам апазыцыянэраў і амэрыканскага сэнатара Джона Макэйна, заявіла, што думае пра захады ў адказ. На чарговым брыфінгу ў МЗС я спытаўся ў намесьніка кіраўніка ўправы інфармацыі Руслана Есіна пра сытуацыю з амбасадаркай Латвіі:

(Карэспандэнт: ) “Ці ня ёсьць гэта рэакцыя афіцыйнага Менску на Рыскую канфэрэнцыю ў лютым?”

(Есін: ) “Давайце дачакаемся, калі міністар вернецца пасьля сэсіі, і мы тады будзем гатовыя адказаць на Вашае пытаньне”.

Афіцыйная Рыга лічыць сытуацыю тым больш дзіўнай, што менавіта Менск цягам апошніх гадоў прасіў прызначыць у Беларусь латвійскага амбасадара. Пасьля таго, як адсюль зьехаў першы амбасадар Латвіі Яніс Лоўнікс, місіяй у Менску па некалькі гадоў кіравалі толькі павераныя ў справах Латвіі ў Беларусі. Беларусь дала агрэман на Майру Мору, аднак працаваць ёй на пасадзе амбасадара не дазваляе.
XS
SM
MD
LG