Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хаваншчына” будзе актуальная і ў новым опэрным сэзоне


Юлія Шарова, Менск Сёньня спэктаклем “Хаваншчына” ў опэрным тэатры адкрываецца чарговы сэзон. Як ні дзіўна, менавіта расейская опэрная клясыка раптоўна стала цяпер для беларускай публікі асабліва актуальнай. У славутай опэры Мусаргскага прасочваюцца ледзьве не наўпростыя алюзіі з сучаснай беларускай рэчаіснасьцю.

Чым жа ж “Хаваншчына” стала блізкай беларускаму гледачу? Дзеяньне “Хаваншчыны” адбываецца ў часы гэтак званай расейскай “смуты” прыканцы сямнаццатага стагодзьдзя, калі прыхільнікі старога ладу на чале з князем Іванам Хаванскім (у опэры народ любоўна называе яго “Бацяй”) спрабавалі супрацьстаяць новай, празаходняй уладзе ў асобе Пятра Першага. І гэтага самага “Бацю” ўрэшце закалоў стаўленік Захаду баярын Шаклавіты. У фінале опэры перамагае новы парадак, прыхільнікі старога, патрыярхальнага ладу пакараныя альбо самі сябе зьнішчаюць, як раскольнікі ў сцэне самаспаленьня. А народ, які зусім нядаўна славіў свайго Бацю, цяпер цягнецца за новай уладай.

Стваральнікі спэктакля наўрад ці разглядалі “Хаваншчыну” як палітычны памфлет, пагатоў прэм’ера адбылася больш за год таму. Аднак тое, што гэтая опэра гучыць на сцэне акурат напярэдадні рэфэрэндуму, дзе ўжо не расейскі Баця, але беларускі Бацька будзе прасіць у народа дазволу пайсьці на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, робіцца нейкім кур’ёзам.

Ці лічаць самі стваральнікі спэктакля, што “Хаваншчына” стала вельмі актуальнай для сучаснага беларускага слухача? Рэжысэр і мастацкі кіраўнік опэры Маргарыта Ізворска разглядае “Хаваншчыну” як твор на ўсе часы, дзе ўздымаюцца вечныя й агульначалавечыя праблемы. Канечне ж, гэты твор куды больш актуальны для Расеі – яна, вобразна кажучы, цягам некалькіх стагодзьдзяў жыве ў стане пэрманэнтнай “хаваншчыны” – але й беларусам яго варта паказваць, лічыць спадарыня Ізворска.

(Ізворска: ) “Не абавязкова ўсё гэта прымерваць на сябе. Дастаткова паглядзець – а як там і ці патрэбная такая сытуацыя нам? Як мы можам зьберагчы сябе ад падобнай сытуацыі, калі б нас распылілі па сьвеце і мы б пераймаліся з гэтай нагоды”.

У гэтым сэзоне тэатар не плянуе новых маштабных пастановак – зьвязана гэта зь недахопам грошай і будучым закрыцьцём будынка на рамонт. Але ж опэрная трупа будзе браць у работу невялікія спэктаклі, якія можна будзе граць на іншых пляцоўках цягам некалькіх сэзонаў ды вазіць па рэгіёнах. На сёньня ідзе праца пад опэрай Гаэтана Даніцэці “Рыта” і сачыненьнем беларускага кампазытара Вячаслава Кузьняцова “Зацемкі вар’ята”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG