Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асабістай пагрозы для яго не існуе. Гэта проста піяраўскі ход з боку Лукашэнкі”


Альгерд Невяроўскі, Менск Падчас паседжаньня Рады бясьпекі 28 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што паводле інфармацыі спэцслужбаў, краіны Захаду нібыта рыхтуюць замах на ягонае жыцьцё. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў людзей на менскіх вуліцах: ці вераць яны ў тое, што Лукашэнку сапраўды хочуць забіць?

Я задаваў людзям на вуліцах пытаньне: “Ці сапраўды яны ў вераць у тое, што рыхтуецца замах на Лукашэнку, і калі так то ад каго зыходзіць такая небясьпека?” Вось, якія я атрымаў адказы:

(Спадар: ) “Пагрозы жыцьцю, думаю, не існуе. Я ў гэтым упэўнены. Я сам вайсковец. Павінна быць усё нармальна ў нас у краіне. Усё ідзе сваім парадкам. Спадзяюся, што ўсё будзе добра”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта ў прынцыпе магчыма. Ёсьць такія людзі. дзе канкрэтна яны знаходзяцца я не магу сказаць”.

(Спадарыня: ) “Усё можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “А ад каго сыходзіць гэтая пагроза?”

(Спадарыня: ) “Ад тых, хто супраць Беларусі”.

(Спадар: ) “Пагроза ягонаму жыцьцю? Я ня ведаю. Мне здаецца, чалавек сам сабе капае яму”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што не існуе, таму што ў нашай дзяржаве пакрыўдзіць Лукашэнку не дадуць”.

(Спадарыня: ) “Па-мойму, ніякай абсалютна няма рызыкі для Лукашэнкі, тым больш што гэта проста рэклямны трук, і той, хто больш-менш палітычна адукаваны, гэта разумее. Так было тады, калі ўпершыню яго выбіралі, там была сфальсыфікаваная гісторыя пра напад на яго, і зараз зноў, таму што наш “сердабольны” народ, які пражывае ў вёсках, безумоўна, будзе яму вельмі спачуваць: як жа, бедненькі, няшчасьненькі, на яго нехта замах ладзіць. Вось такая мая думка”.

(Маладзён: ) “Я лічу, што асабістай пагрозы для яго не існуе. Гэта проста піяраўскі ход з боку Лукашэнкі й ягонай каманды”.

(Спадар: ) “Я думаю, ніякай пагрозы для яго няма. Калі паглядзець, наогул, як яго ахоўваюць – я так думаю, што наўрад ці”.

(Маладзён: ) “Мне здаецца, што ніякіх падставаў дл яхваляваньняз на гэты конт ня можа быць. Таму што ў нашай краіне існуе вельмі шмат людзей...”

(Дзяўчына: ) “...якія займаюцца ягонай бясьпекай”.

Колькі наогул такіх нібыта замахаў на жыцьцё Аляксандра Лукашэнкі было за 10 гадоў ягонага прэзыдэнцтва? Першая інфармацыя пра замах на Лукашэнку зьявілася ў ліпені 1994 году, якраз перад другім турам выбараў першага прэзыдэнта. Гэта так званая “лёзьненская справа”. Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка й ягоная каманда тады распаўсюдзілі заяву, што мэрсэдэс Івана Ціцянкова, у якім акрамя гаспадара яшчэ ехалі Лукашэнка і Шэйман, быў нібыта абстраляны невядомымі каля гораду Лёзна. Пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта гэтая справа была ціха спыненая.

Пасьля, 1997 год – забойства прэзыдэнцкага кантралёра па Магілёўскай вобасьці Мікалуцкага. У гэтай справе былі затрыманыя 4 асобы, якіх акрамя гэтага абвінавацілі і ў падрыхтоўцы тэракту супраць Лукашэнкі. У выніку нібыта галоўны падазраваны ў справе афіцэр КГБ Ткачоў быў знойдзены павешаным у камэры турмы, траіх чалавек пакаралі зьняволеньнем ад 4 да 11 гадоў.

І трэцяя справа таксама тычыцца 1997 году: тады Аляксандар Лукашэнка на запрашэньне прэзыдэнта Літвы Альгірдаса Бразаўскаса паехаў на саміт кіраўнікоў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Вільню. І раптам атачэньне беларускага лідэра распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што супраць Лукашэнкі нібыта рыхтаваўся тэракт прадстаўнікамі нейкай літоўскай грамадзкай арганізацыі. У выніку гэтая інфармацыя не падцьвердзілася, і беларускія ўлады пра гэты інцыдэнт больш ніколі не ўзгадвалі”.
XS
SM
MD
LG