Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас чакае чарговы гвалт над Канстытуцыяй...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Да рэфэрэндуму яшчэ два з паловай тыдні, але многія нашы слухачы лічаць, што вынікі галасаваньня загадзя вызначаныя, і ўжо сёньня зразумела, чым скончыцца плебісцыт. Такія высновы яны робяць на падставе ўласных назіраньняў, якімі дзеляцца ў сваіх лістах на Свабоду.

“Мне вельмі цяжка цяпер маральна – цяжэй, чым матэрыяльна”, піша нам сталая слухачка Яўгенія Казлова з Воршы. “Усё бачу й разумею, а паправіць нічога не магу. Сёньня зайшла ў кнігарню “Родник”. Кнігі там у асноўным расейскамоўныя, але быў куточак і беларускай паэзіі й прозы. Цяпер засталася толькі назва “Беларуская літаратура”. Кніг жа на беларускай мове няма, толькі пераклады на расейскую мову. Затое стаяць партрэты вусатага дзядзькі. Я гандляркам паабяцала сёньня ж напісаць пра гэта на Свабоду (што і раблю). Нават у савецкі час прадаваліся нацыянальныя кнігі. А цяпер?

Няўжо людзі пойдуць на выбары й рэфэрэндум падтрымліваць гэтую ўладу? У такім разе нам, як кажуць, нічога ня сьвеціць. І нашым дзецям, унукам. А ў мяне такі цудоўны ўнучак – яму 11 год. Няма ў мяне аптымізму. Няма для яго падставаў”.

Тое, што адбылося з аддзелам нацыянальнай літаратуры ў вашай кнігарні, спадарыня Казлова, зусім зразумела: такая ў сёньняшняй улады моўная палітыка. І яна застанецца нязьменнай: Аляксандар Лукашэнка гэта пацьвердзіў падчас нядаўняга выступу перад берасьцейскімі студэнтамі. Пры гэтым ён спаслаўся на рэфэрэндум 1995 году. Хоць на тым рэфэрэндуме людзі выказаліся за аднолькавы статус дзьвюх моваў, а зусім не за дыскрымінацыю і вынішчэньне беларускай мовы.

Увогуле, такі ж прыгнечаны настрой, як у вас, спадарыня Казлова, сёньня ў многіх. Гэта вельмі адчуваецца па нашай пошце. Наш даўні слухач зь Менску Ільля Копыл, напрыклад, з гэтай нагоды напісаў:

“У сёньняшніх умовах, калі мы стаім на парозе чарговага гвалту над Канстытуцыяй, і калі ўсім вядома, які чакаецца вынік, нічога не застаецца рабіць, як толькі назіраць за гэтым. 2006 год можа стаць самым змрочным годам. Але самы цёмны час – час перад сьвітаньнем.

Увогуле, простаму чалавеку вельмі складана разабрацца: рэфэрэндум – гэта добра ці кепска? У выніку яго мы што-небудзь набудзем, ці наадварот – страцім? Як прагаласаваць – за ці супраць? Ісьці на выбары ці байкатаваць? Такі вось разлад думак сярод жыхароў пад’езда, дома і двара, дзе я жыву. Я кажу: як бы вы ні паступілі, вынік галасаваньня ад гэтага не залежыць. Некаторыя са мной не пагаджаюцца. Хоць я ўпэўнены, што вынік ужо даведзены ўсім камісіям: за Лукашэнкавы прапановы павінны прагаласаваць ад 65 да 90 адсоткаў людзей”.

Многім людзям, сапраўды, цяжка разабрацца ў сытуацыі. І зь вельмі банальнай прычыны: у масавым друку, на дзяржаўных тэлеканалах амаль няма ні інфармацыі, ні камэнтароў, ні тым больш дыскусіі на тэму рэфэрэндуму. Любой дыскусійнасьці афіцыйныя мэдыі пазьбягаюць, баючыся даваць слова апанэнтам улады. Прымітыўную прапаганду спыніў сам Лукашэнка, не без падставаў баючыся адваротнай рэакцыі грамадзтва. У выніку дзяржаўныя газэты й тэлебачаньне запоўненыя адно справаздачамі пра посьпехі й дасягненьні ўлады.

Іншы наш слухач, Мікалай Козак зь Менску, абураецца тым, як сфармуляванае пытаньне рэфэрэндуму. Ён піша:

“Лідэр лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч па дзяржаўным тэлеканале СТВ 16 верасьня падтрымаў Лукашэнку: сказаў, што той павінен вылучацца на выбарах 2006 году. Але ж пытаньне стаіць не пра 2006 год, а пра тое, што Лукашэнка зможа заставацца прэзыдэнтам пажыцьцёва. Пры неаб’ектыўным падліку галасоў нам давядзецца мець яго яшчэ вельмі доўга. Ці гэтага Гайдукевіч не разумее, ці наўмысна імкнецца дагадзіць Лукашэнку?

Людзі ўведзеныя ў зман. Трэба мяняць фармулёўку. Хоча Лукашэнка ўдзельнічаць у выбарах 2006 году, няхай так і кажа. І ў Канстытуцыі тады трэба гэтак запісаць: канкрэтна пра гэты год. Вельмі ня хочацца застацца ў выніку падманутым”.

Шанцаў на тое, што фармулёўка пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, можа быць зьмененая, фактычна няма, спадар Козак. Наіўна меркаваць, што тыя правазнаўцы й палітыкі, якія яе прыдумвалі й зацьвярджалі, не заўважылі відавочных супярэчнасьцяў, пра якія напісалі вы і многія іншыя нашы слухачы. Зроблена гэта, хутчэй за ўсё, наўмысна, з разьлікам на больш далёкую пэрспэктыву – 2011-ы, 2016-ы й наступныя гады. Канстытуцыю разьлічваюць зьмяніць так, каб у цяперашняга прэзыдэнта не было ніякіх перашкодаў у будучыні зноў і зноў падаўжаць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Наш даўні слухач і аўтар, настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну ў сваім лісьце разважае пра каштоўнасьць свабоды ў жыцьці чалавека.

“Першы павучальны ўрок свабоды далі мне яшчэ ў далёкім дзяцінстве мае дзядуля, бацька ды дзядзькі, якія свабоду не прамянялі на калгаснае ярмо. Яшчэ да вайны, будучы выхаванцам Гомельскага дзіцячага дому, ня крыўдзячы іншых, я не дазваляў крыўдзіць сябе: знаходзіў мужнасьць адстойваць сваю свабоду (не ў прыклад некаторым бязвольным, бесхарактарным небаракам-сябрам). Стаўшы настаўнікам, не пайшоў на зьдзелку са сваім сумленьнем: нягледзячы на неаднаразовыя прапановы ўступіць у КПСС, устаяў ад гэтай д’ябальскай спакусы. Час ад часу ўпотай наведваў царкву і нават зрэдку бываў у споведзі, хоць выдатна ўсьведамляў, чым гэта магло для мяне скончыцца. Выступаў, складаў справаздачы, заўсёды размаўляў і па сёньняшні дзень размаўляю выключна і прынцыпова толькі па-беларуску.

Падчас выбараў заходзіць у кабіну лічу маладушным, бязвольным учынкам – галасую на вачах камісіі, чым не даю ім магчымасьці рапартаваць аб 100-працэнтнай падтрымцы аўтарытарнага рэжыму. Калі выбарчы закон ня будзе дэмакратызаваны, у будучых выбарах і рэфэрэндумах удзельнічаць ня буду”, – напісаў у сваім лісьце на Свабоду настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну.

Зайздрошчу, спадар Ляскоўскі, вашым вучням – сямігадовым дзеткам, для якіх школьны шлях пачынаўся менавіта з вашых урокаў. Вельмі нямногія людзі былі здольныя на такія ўчынкі, на адкрытую дэманстрацыю ўласных поглядаў у той час, калі гэта магло каштаваць кар’еры, а то і ўсяго далейшага лёсу. Зрэшты, цяперашні час таксама зусім не спрыяе таму, каб людзі маглі адкрыта казаць тое, што думаюць. Некаторыя ня тое што перад выбарчай камісіяй – нават у кабіне таемнага галасаваньня баяцца запоўніць бюлетэнь так, як самі лічаць патрэбным, а ня так, як напярэдадні загадаў на працы начальнік.

На заканчэньне – электронны ліст ад Зьмітра Кузьміцкага:

“Жыву я ў Швэцыi, кантактую зь беларусамi у гэтай краiне. Для многiх з нас Радыё Свабода ёсьць адзiнай крыніцай iнфармацыi пра падзеi ў Беларусi, асаблiва цяпер, калi на Бацькаўшчыне такiя сур’ёзныя палiтычныя зьмены. Чакаем вечара, а потым зьбiраемся разам, каб паслухаць ваша радыё, даведацца, што за гэты дзень адбылося ў Беларусі. Жыву я на самай поўначы Щвэцыi, за палярным кругам, але з гордасьцю заяўляю, што тут чуваць родную мову Радыё Свабода. Мы, беларусы, жывучы ў Швэцыi, робiм усё магчымае, каб спынiць самаўладзтва Лукашэнкi, не даць яму зьдзекавацца зь беларускай культуры, з Канстытуцыі. Праводзiм пiкеты, сустрэчы са швэдзкiмi палiтыкамi. Хочацца хоць неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусi”.

У сваім лісьце Зьміцер Кузьміцкі таксама паведаміў пра пікет ля беларускай амбасады ў Стакгольме, падчас якога ён чытаў перад мясцовымі беларусамі ўласны верш, у якім былі, у прыватнасьці, такія радкі:

Хай гучнаю хваляй пракоцяцца словы, Словы пратэсту, iмкненьня да волi. Ня можа нiхто за нас вырашаць, Як далей нам жыць i каго выбiраць.

А цяпер назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты Свабоды цягам мінулага месяца. У верасьні пераможцамі прызнаныя Васіль Заблоцкі з Горадні (развагі пра тое, каму беларусы павінны быць удзячныя за тое, што краіну абмінула расейская хваля тэрору, прагучалі 8 верасьня); Аксана Астаповіч зь Ліды – за роздум пра тое, чаму многія ў Беларусі лічаць, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма раўназначнага суперніка на прэзыдэнцкіх выбарах (агляд пошты 15 верасьня); Уладзімер Белы зь Вялейкі – 22 верасьня прагучалі ягоныя нататкі на тэму рэфэрэндуму і створанай у Беларусі сыстэмы ўлады.

Усе пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай Радыё Свабода. Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG