Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымае Лукашэнка ініцыятыву стварэньня помніку ахвярам сталінізму?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Па дапамогу ва ўсталяваньні помніка беларускім ахвярам сталінскага генацыду вырашыў зьвярнуцца да самых заможных людзей краіны Валянцін Паборцаў. Гэты жыхар раённага цэнтру Асіповічы – заснавальнік першага прыватнага дабрачыннага фонду “Памяць ахвяраў сталінізму Беларусі”.

Валянцін Паборцаў рыхтуе й дасылае лісты 50-ці жыхарам Беларусі – чыноўнікам, бізнэсмэнам, кіраўнікам прадпрыемстваў ды іншым, якія, паводле некаторых зьвестак, зьяўляюцца самымі заможнымі беларусамі. Пра іх ён даведаўся з артыкулу пра даляравых мільянэраў Беларусі, які прачытаў у інтэрнэце, а потым у расейскай прэсе. Валянцін Паборцаў піша ім, што ня ведае, праўду напісалі пра іх даходы альбо не, аднак просіць грашовай дапамогі. Каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, яму патрэбна 57 мільёнаў рублёў – менавіта столькі каштуе помнік.

Спачатку Валянцін Паборцаў прапаноўваў усталяваць помнік у Менску, непадалёк ад будынку КГБ, побач з помнікам Дзяржынскаму, як сымбаль гістарычнай справядлівасьці і раўнавагі. Аднак менскія ўлады адмовілі і напісалі яму, што помнік будзе ўносіць дысананс у выгляд сталіцы. Таму цяпер Валянцін Паборцаў прапануе зрабіць дастойны помнік у Бабруйску – на тым месцы, дзе ў цэнтры гораду стаіць камень са сьціплым надпісам “Бабруйцам, якія загінулі ў гады рэпрэсіяў”.

І хаця ўлады на ўсіх роўнях асабліва ня хочуць заўважаць заклікі жыхара Асіповічаў ушанаваць памяць ахвяраў сталінскага генацыду – перапіска з рознымі структурамі доўжыцца ўжо гадоў пяць – Паборцаў запэўнівае, што ён будзе дамагацца свайго і цяпер мяркуе, што з дапамогай заможных і уплывовых людзей у яго ўсё можа атрымацца.

Першым у сьпісе самых заможных беларусаў, на які абапіраецца Валянцін Паборцаў, стаіць прозьвішча Аляксандра Лукашэнкі – Паборцаў будзе зьвяртацца з просьбай па дапамогу і да яго. Хаця гэта будзе далёка не першы ліст. Паборцаў распавёў, што ён нават езьдзіў да Галіны Лукашэнкі ў Шклоў, каб яна зьвярнула ўвагу Аляксандра Лукашэнкі на зварот фонду.

(Паборцаў: ) “І ёсьць ліст, які я пісаў Лукашэнку, дзе я яму кажу, што ўсе мы сьмяротныя, але ёсьць жа памяць. Але ён любіць Сталіна, а я Сталіна не люблю. Ну што ж рабіць – такая справа, гэта права кожнага, праўда?”

Сваё права на ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Валянцін Паборцаў тлумачыць і гісторыяй сваёй сям’і. Ягоны бацька быў рэпрэсаваны, і Паборцаў шмат гадоў шукаў зьвесткі пра яго, а потым высьветлілася, што ён быў расстраляны ў Бабруйску як вораг народу і агент польскай выведкі. Таму ўвогуле для Паборцава помнік людзям, якія пацярпелі ад сталінскага генацыду – гэта справа жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG