Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадоцкі райвыканкам правярае кандыдата Леаніда Гаравога на “добранадзейнасьць”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады спадар Гаравы патрапіў пад асабліва пільную ўвагу ўладаў пасьля таго, як прапанаваў газэце “Гарадоцкі весьнік” надрукаваць артыкул пад назовам “Ненаедны”. У гэтым артыкуле аўтар абгрунтоўвае сваё жаданьне сказаць “Не” на рэфэрэндуме 17 кастрычніка.

Сёньня Леанід Гаравы, дырэктар адной зь лепшых у раёне вясковых школ і кандыдат у дэпутаты парлямэнту па Шумілінскай выбарчай акрузе, чакае рашэньня Гарадоцкага райвыканкаму. Што гэта будзе за рашэньне і якія наступствы яно будзе мець асабіста для спадара Гаравога, пакуль невядома, але свае прэтэнзіі прадстаўнікі ўлады сфармулявалі дакладна: на іхную думку, у артыкуле “Ненаедны”, які Леанід Гаравы даслаў у раённую газэту, утрымліваюцца абразы гонару ды годнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Атрымаўшы допіс спадара Гаравога, рэдакцыя газэты тут жа скіравала яго ў ідэялягічны аддзел райвыканкаму. І хаця даць адказ чыноўнікі мусілі б цягам трох дзён, рэакцыі дагэтуль няма. Спадару Леаніду адказваюць, што пакуль вывучаюць артыкул, і нічога канкрэтнага сказаць ня могуць.

Я не літаратурны экспэрт, але магу працытаваць тыя месцы, дзе згадваецца прозьвішча “Лукашэнка”. І няхай уласныя высновы робяць нашы слухачы. Артыкул напісаны па-расейску, і я паспрабавала перакласьці яго на беларускую мову як мага бліжэй да арыгіналу.

“Я веру, што можа быць жыцьцё без Лукашэнкі. Я ведаю, што будзе жыцьцё без Лукашэнкі. Я ня маю сумневаў у тым, што для гэтага стомленага чалавека прыйшоў час адпачыць ад улады. Ненаеднасьць – гэта яшчэ не падстава дзеля пажыцьцёвага кіраваньня”.

Або вось такі ўрывак. “Ён вельмі ня хоча сыходзіць. І ён так і ня здолеў знайсьці словаў, каб патлумачыць, дзеля чаго ён нам патрэбны пажыцьцёва. Ён кажа, што нясе нас, “как хрустальный сосуд”, і баіцца выпусьціць з рук. Але, прабачце, хто каго нясе? Ён нас або мы яго разам з цэлым войскам ахоўнікаў ды чыноўнікаў?” І гэтак далей.

Дарэчы, сам спадар Гаравы кажа, што абсалютна ня меў на мэце некага абразіць. І даслаў гэты артыкул у газэту, для таго, каб жыхары раёну мелі нейкую альтэрнатыўную інфармацыю “для роздуму”, даступнасьць якой, дарэчы, гарантаваная сучасным беларускім заканадаўствам.

(Гаравы: ) “Так, у адпаведнасьці з 46 артыкулам Выбарчага кодэксу РБ, які гарантуе грамадзянам права свабоднага абмеркаваньня пытаньняў рэфэрэндуму ў сродках масавае інфармацыі на роўных правох. А гэта – мае думкі, якія выклікала прамова аднаго ўсім вядомага чалавека, і мае меркаваньні пра дзейнасьць гэтага чалавека”.

Паколькі сваё “Не!” рэфэрэндуму спадар Гаравы ўжо сказаў і ў радыёзвароце да выбарцаў, які, дарэчы, будзе трансьлявацца сёньня, ён не выключае пэўных мераў да сябе, як да кандыдата, з боку акруговае камісіі. З боку органаў улады ён ужо адчуў неабыякавае стаўленьне: як толькі ён абвясьціў пра свой намер балятавацца, раённае начальства скіравала да яго ў школу адна за адной 4 праверкі, у выніку якіх дырэктару Леаніду Гаравому была абвешчана службовая вымова.
XS
SM
MD
LG