Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 верасьня 1452 году Ёган Гутэнбэрг надрукаваў першую ў гісторыі чалавецтва кнігу


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 30 верасьня

Паводле народных прыкметаў, дзень 30 верасьня сьведчыў, ці хутка надыдзе зіма. Калі ў гэты дзень на дрэвах трымаецца шмат лісьця – значыць, да маразоў яшчэ далёка.

І цяпер – пра гістарычныя даты.

30 верасьня 1452 году Ёган Гутэнбэрг вынес са сваёй майстэрні першую ў гісторыі чалавецтва друкаваную кнігу. Адбылося гэта ў нямецкім горадзе Майнцы. Тую падзею многія называюць найважнейшай у гісторыі цывілізацыі.

30 верасьня 1659 году Рабінзон Круза ў тым месцы, куды яго выкінула мора, паставіў вялізны слуп і выразаў на ім буйнымі літарамі: “Тут я ступіў на бераг 30 верасьня 1659 году”. У сваім дзёньніку ў той дзень ён зрабіў наступны запіс: “Я, няшчасны Рабінзон Круза, пацярпеў катастрофу ў часе страшнае марское буры, быў выкінуты на бераг гэтага панылага, злашчаснага вострава, які я назваў выспай Адчаю. Усе мае спадарожнікі з нашага карабля патанулі, і я сам быў паўмёртвы”. Рабінзон Круза прабудзе на сваёй высьпе Адчаю дваццаць восем гадоў, два месяцы і дзевятнаццаць дзён.

30 верасьня 1885 году дзьверы Варшаўскае турмы зачыніліся за сьпінаю Марыі Багушэвіч... Дваццацігадовая дзяўчына разьвіталася са свабодай назаўсёды. Беларуская рэвалюцыянэрка Марыя Багушэвіч нарадзілася ў вёсцы Цапэрка каля Клецку, была чальцом партыі “Пралетарыят”, узначальвала дапаможную арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа. Пасьля арышту кіраўнікоў партыі Манцэвіча і Разумейчыка Марыя стала на чале цэнтральнага камітэту “Пралетарыяту”. Але неўзабаве арыштавалі і яе... Пасьля двух гадоў у Варшаўскай цытадэлі Марыю высылаюць у Сыбір, дзе яна і памрэ ў Краснаярскай перасыльнай турме.

30 верасьня 1937 году савецкія карныя органы прысудзілі да сьмерці Антона Баліцкага, былога міністра асьветы БССР, аднаго з творцаў палітыкі савецкае беларусізацыі. Празь месяц Баліцкага расстраляюць.

30 верасьня 1939 году ў Вільні савецкія вайскоўцы арыштоўваюць Антона Луцкевіча, галоўнага ідэоляга беларускага нацыянальнага адраджэньня ХХ ст. Празь некалькі гадоў Луцкевіч памрэ ў турме.

30 верасьня 1892 году нарадзілася пісьменьніца-мэмуарыстка Зоська Верас. Яна пражыла доўгае жыцьцё і таму ведала многіх клясыкаў беларускай літаратуры і палітыкаў, пра што пакінула шмат успамінаў. Дату свайго нараджэньня – 30 верасьня – Людвіка Сівіцкая зашыфравала ў псэўданіме – Зоська Верас.
XS
SM
MD
LG