Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Х.Пургурыдэс: “За спробамі Шэймана прыхоўваць злачынствы мусіць стаяць прэзыдэнт Лукашэнка”


Юры Сьвірко, Менск Дэпутат парлямэнту Кіпру, аўтар дакладу “Зьніклыя асобы ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што Аляксандар Лукашэнка пэрсанальна прыхоўвае зьнікненьні палітычных апанэнтаў – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Зьмітра Завадзкага.

На пытаньне, як ён ацэньвае Лукашэнкаву заяву пра тое, што невыязныя на Захад генэралы – самыя сумленныя людзі й зьнятыя з пасадаў ня будуць, – Хрыстас Пургурыдэс адказаў гэтак:

(Пургурыдэс: ) “Спадар Лукашэнка павінен зразумець, што ён ня можа ігнараваць міжнародную супольнасьць. Гэта ня ў інтарэсах беларускага народу – ігнараваць міжнародную супольнасьць. Ёсьць ясныя сьведчаньні, што гэтыя 4 чалавекі былі ўцягнутыя – тым ці іншым чынам – у зьнікненьні: або замаўляючы іх, або прыхоўваючы. Таму калі спадар Лукашэнка сапраўды хоча, каб Беларусь рухалася да мадэрнізацыі, атрымлівала міжнародную дапамогу ды стала сучаснай эўрапейскай краінай, ён павінен загадаць правесьці адпаведнае расьсьледаваньне дзеля высьвятленьня абставін зьнікненьняў. У адваротным выпадку ён пэрсанальна прыхоўвае усе гэтыя рэчы, і, баюся, мне будзе няцяжка сказаць, што, займаючы тую пазыцыю, якую Вы згадалі ў сваім пытаньні, прэзыдэнт Лукашэнка мусіць стаяць за спробамі Шэймана прыхоўваць гэта”.

Я папрасіў Хрыстаса Пургурыдэса пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі на паседжаньні Савету Бясьпекі пра тое, што спадар Пургурыдэс ехаў у Беларусь з наперад падрыхтаваным дакладам і прыезд яму быў патрэбны толькі для таго, каб легалізаваць гэты дакумэнт.

(Пургурыдэс: ) “Калі я прыехаў у Беларусь спачатку, спадар Лукашэнка ды ягоныя памагатыя прымалі мяне як вельмі блізкага сябра, таму што яны чакалі, што мая справаздача будзе спрыяльная для іх. Яны абыходзіліся са мной як з прэм’ер-міністрам, які прыехаў у Беларусь. Аднак пасьля маёй справаздачы, якая сьцьвярджае факты, я выклікаў спадара Лукашэнку на дэбаты – калі ён хоча. Я зрабіў яму выклік: пакажыце любую рэч, якая сьцвярджаецца ў маёй справаздачы ды якая ёсьць няпраўдай.”

Варта нагадаць, што на прэсавай канфэрэнцыі ў ліпені Аляксандар Лукашэнка рабіў выгляд, што нічога пра спадара Пургурыдэса ня ведае, пытаючыся ў публікі: “Хто такі Пургурыдэс?” А на гэтым тыдні спадар Лукашэнка заявіў, што яшчэ да прыезду Хрыстаса Пургурыдэса папярэджваў Нацыянальны сход і пракуратуру, што ім рыхтуецца правакацыя.
XS
SM
MD
LG