Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар замежных справаў П. Краўчанка: Лукашэнка хоча “пасеяць нейкія настроі страху, няўпэўненасьці і атрымаць патрэбны вынік на рэфэрэндуме”


Альгерд Невяроўскі, Менск Якія міжнародныя наступствы можа мець рашэньне краінаў Эўразьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Зьмітру Паўлічэнку й Уладзімеру Навумаву, ды рэакцыя на гэтае рашэньне Аляксандра Лукашэнкі? Наш карэспандэнт папрасіў пракамэнтаваць рашэньне Эўразьвязу й жорсткія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Захаду былога міністра замежных справў Беларусі Пятра Краўчанку.

28 верасьня на паседжаньні Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Лукашэнка між іншым абвінаваціў заходнія краіны ў падрыхтоўцы замаху на ягонае жыцьцё. Ды даручыў міністру замежных справаў Сяргею Мартынаву даць на сэсіі генэральнай асамблеі ААН адэкватны адказ Эўразьвязу й ЗША. Вось, як пракамэнтаваў рашэньне аб’яднанай Эўропы і выказваньні Аляксандра Лукашэнкі Пётар Краўчанка:

(Краўчанка: ) “Я расцэньваю гэтае рашэньне Эўразьвязу, як запозьненае, але непазьбежнае. Рэакцыя чакалася даўно, і трэба сказаць, што гэтае рашэньне прывяло Аляксандра Лукашэнку ў стан разгубленасьці й жаху. Гэта стыхійная, эмацыйная рэакцыя. Ён зразумеў, што наступным пасьля вось гэтай “чацьвёркі” можа быць ён.

Гэта азначае, што прыняцьцё яго Захадам, на якое ён спадзяваўся, проста немагчымае. Тыя сыгналы, якія даваліся апошнія 2 гады, наконт неўваходжаньня Беларусі ў рублёвую зону, у чым былі зацікаўленыя Эўропа й Амэрыка, не атрымалі ніякай рэакцыі. Лукашэнка зразумеў, што сёньня Захад ня пойдзе зь ім ні на якія кантакты.

Што тычыцца Сяргея Мартынава, то хачу сказаць, што на сёньня ў Беларусі ёсьць толькі адзін міністар замежных справаў – гэта Аляксандар Лукашэнка. Мне проста шкада Сяргея Мікалаевіча, якому хутчэй за ўсё прыйдзецца абражаць Эўразьвяз і ЗША, абвінавачваючы іх у падвойных стандартах і г.д.

І наконт абвінавачваньняў Эўразьвязу ў падрыхтоўцы замаху… Я хачу сказаць, што апошнія 40 гадоў ні ЗША, ні цывілізаваныя краіны Эўразьвязу не карыстаюцца такімі мэтадамі. Гэта проста немагчыма, бо ёсьць парлямэнцкі кантроль і за прэзыдэнтамі, калі яны адыходзяць ад улады, і за сакрэтнымі службамі. Я не ўяўляю сабе, каб больш за 20 кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, самых розных людзей ад сацыял-дэмакратаў да лібэралаў, сабраліся на нейкім саміце, абмяркоўвалі гэтае рашэньне й давалі даручэньне кіраўнікам сакрэтных службаў правесьці такое мерапрыемства.

Гэта, па сутнасьці, копія той лёзьненскай справы, якая адбылася ў ліпені 1994 году, перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў. Яна, па сутнасьці, накіраваная на тое каб зноў пераключыць грамадзкую ўвагу ў Беларусі ад таго рэфэрэндуму, які рыхтуецца. Каб ізноў пасеяць нейкія настроі страху, няўпэўненасьці і атрымаць патрэбны вынік на рэфэрэндуме”.
XS
SM
MD
LG