Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За перавышэньне хуткасьці супрацоўнікі ДАІ абстралялі аўтамабіль – забілі 23-гадовага кіроўцу


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі Менска абстралялі аўтамабіль, каб спыніць кіроўцу за перавышэньне хуткасьці. У выніку кіроўца – 23-гадовы Аляксей Паўловіч – загінуў.

Супрацоўнікі ДАІ у сваіх рапартах напісалі, што 27 верасьня на 12-м кілямэтры магілёўскай шашы аўтамабіль “Мазда” рухаўся на вялікай хуткасьці. Кіроўца не спыніўся на іх патрабаваньне. Ён нібыта выключыў фары і павялічыў хуткасьць. Міліцыянты пачалі перасьледаваць парушальніка і спачатку стралялі ўверх, а потым па колах аўтамабіля. У выніку машына ўдарылася ў слуп. Кіроўца загінуў на месцы. Было каля 4-й гадзіны ночы.

Кіроўца, 23-гадовы Аляксей Паўловіч, працаваў у Менску ў комплексе “Паркінг” у сэкцыі бытавой тэхнікі. Яго калегі кажуць, што вестка пра яго сьмерць выклікала шок. Ніхто ня верыць, што Аляксей мог уцякаць ад пагоні. Усе кажуць, што хлопец быў вельмі сьціплы і ветлівы.

(Анатоль: ) “Папросту шок… Я лічу, што ня трэба было страляць. Машына ж не была ва ўгоне. Якая была неабходнасьць? Ну, далі б яму даехаць да мяжы раёна і пакінулі б. Не было ж ніякай пагрозы для людзей, бо ўначы пусты горад. Мы езьдзілі на пахаваньне. Сям’я жыве небагата. Было чацьвёра дзяцей. Сястра восем гадоў таму памерла ад лейкеміі. Засталіся два браты. Цяпер вось і ён загінуў. Бацькам гора невымернае”.

(Павал: ) “Гэтых супрацоўнікаў міліцыі трэба пакараць. Маглі б зрабіць нейкі “перахват”, але не страляць у чалавека. Цынічнае забойства… Яны кажуць, што ехаў з выключанымі фарамі. Гэта лухта. Не мог ён ехаць уначы без сьвятла з хуткасьцю 150 км/ч, як яны напісалі”.

(Паліна: ) “Усе абурыліся, бо ён быў такім чалавекам… У яго ўсё было папросту цудоўна. Ён ня тое, што не пакрыўдзіць чалавека, але, каб ён абразіў каго, ці ўцякаў ад міліцыянтаў!.. Цяпер такіх, як ён вельмі мала. Зарабляў грошы, мог бы і больш сабе дазволіць. Але ўсё адвозіў да бацькоў. Пачаў там рамонт рабіць. Хацеў паступіць вучыцца. Уладкаваўся на курсы ангельскай мовы. Месяц таму набыў аўтамабіль. Сустракаўся з дзяўчынай… Мне здаецца, у нас хапае, каго трэба лавіць. Магчыма, з самага пачатку было нешта, што яго напалохала – можа, не так спынілі, прычапіліся неяк… Страшна, калі нармальныя хлопцы гінуць так па-дурному”.

Начальнік Аляксея размаўляў з гаспадаром дома, побач зь якім загінуў хлопец.

(Максім: ) “Ён выйшаў, кажа: “Бачу двух дзяцей у форме. Пытаюся ці выклікалі “Хуткую дапамогу”. А яны: “Яна яму ўжо не патрэбная.” Ну, кажу, трэба выклікаць хоць каго-небудзь. Тады яны пайшлі ў машыну, селі і больш зь яе так і не выйшлі. Начальнік сьледчага аддзела казаў, што гэтыя супрацоўнікі цяпер не працуюць, бо яны папросту неадэкватныя. Адзін наагул у шоку. Зь ім немагчыма размаўляць. Другі – ня ў лепшым стане. Я магу гэта патлумачыць іх маладосьцю. Нагледзеліся фільмаў, усьвядомілі сябе тэхаскімі рэйнджэрамі”.

Сям’я Аляксея жыве ў Замасточчы. На пахаваньні было каля двух сотняў чалавек. Людзі абмяркоўвалі гэтае здарэньне. Яны ня вераць, што ў міліцыянтаў не было іншай магчымасьці спыніць машыну на трасе. Бацькі Аляксея спадзяюцца, што сьледзтва высьветліць ці было ўвогуле парушэньне з боку Аляксея і нават, калі было, прыцягне да адказнасьці міліцыянтаў, якія забілі іх сына.

Кіраўнік Менскай ДАІ Васіль Бульбянкоў паведаміў Радыё Свабода, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі згодна з законам аб міліцыі. Ён дадаў, што страляць па колах аўтамабіляў міліцыянтам даводзіцца даволі часта.

(Бульбянкоў: ) “Канечне, там адназначна законна выкарыстоўвалі зброю. Ён ішоў з хуткасьцю 140-160 км, ствараў рэальную пагрозу бясьпецы. Якое мае значэньне ўначы ці ўдзень? Ён мусіць выканаць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі спыніцца. Думалі ўгоншчык ці наркаман нейкі.”

Сёньня ўначы супрацоўнікі ДАІ зноў стралялі ў самым цэнтры сталіцы. Гэтым разам парушальнік хуткаснага рэжыму застаўся жывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG