Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыбярыце з улёткі прозьвішча Лукашэнкі і ўсё будзе нармальна” – кажа дырэктарка гомельскай фабрыкі “Полесдрук”


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскія друкарні ажыцьцяўляюць цэнзуру перадвыбарчых улётак кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Гэта, у прыватнасьці, пацьвердзіў і паход Тацяны Марчанкі на фабрыку “Полесдрук”, дзе кандыдатка разам з даверанаю асобай афармляла заказ на выраб сваіх перадвыбарчых улётак. Фабрыку наведаў і наш карэспандэнт.

Ужо ў бюро заказаў фабрыкі “Полесдрук” супрацоўніца Вера Таўстапятава папярэдзіла кандыдата Тацяну Марчанку і ейную давераную асобу Васіля Палякова, што ім прыйдзецца ісьці да дырэктаркі, бо ва ўлётцы сказана: “Не!” трэцяму тэрміну Лукашэнкі”.

Свае паводзіны спадарыня Таўстапятава патлумачыла так:

(Таўстапятава: ) “Я ня вырашаю, я – маленькі чалавек. У нас таксама свае ўстаноўкі. Зайдзіце да дырэктаркі. Вунь там прыёмная”, – патлумачыла супрацоўніца бюро заказаў Вера Таўстапятава.

Дырэктарцы фабрыкі Ларысе Пратасенка ў праграме кандыдата Марчанкі найперш не спадабаўся сказ: “Плаціць поўныя пэнсіі пэнсіянэрам, якія працуюць”. Дырэктарка пярэчыла: маўляў, у Беларусі і без таго плацяць ўсім поўныя пэнсіі. Згадка Тацяны Марчанкі наконт прадпрымальнікаў, праўдападобна, была для дырэктаркі адкрыцьцём.

Аднак на гэтым прэтэнзіі дырэктаркі “Палесдруку” да ўлёткі ня скончыліся. Паслухайце фрагмэнт размовы спадарыні Пратасенкі з кандыдаткай у дэпутаты і яе даверанай асобай:

(Пратасенка: ) “Вы мяне паслухайце, а я чытаю: “Аднак галоўная пагроза – гэта пажыцьцёвае праўленьне Лукашэнкі”. Пра што ідзе гаворка? Лукашэнка ў нас – галоўная пагроза. Прыбярыце Лукашэнку. Прыбярыце прозьвішча Лукашэнкі. Напішыце: галаўная пагроза – прызначэньне на пажыцьцёвае кіраўніцтва”.

(Марчанка: ) “Чаму ў такім разе спадар Лукашэнка вынес сваё прозьвішча на рэфэрэндум?”

(Пратасенка: ) “Рабяты, ня мне кажыце гэта. Вы ўказваеце прозьвішча чалавека. Прыбярыце гэта прозьвішча і ўсё будзе нармальна”, – патрабавала дырэктарка фабрыкі “Палесдрук” Ларыса Пратасенка.

Пры гэтым яна спасылалася на артыкул 47 Выбарчага кодэксу, які нібыта забараняе згадваць ва ўлётках прозьвішчы супернікаў, “а тым больш кіраўніка дзяржавы”. Прапаноўвала нават кандыдатцы ісьці ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну, каб там пацьвердзілі ейную правату.

Паколькі нідзе, апрача дзяржаўных друкарняў, перадвыбарчыя ўлёткі вырабіць нельга, то Тацяна Марчанка пагадзілася выкрасьліць прозьвішча кіраўніка дзяржавы са сваёй улёткі.

Ужо пасьля гутаркі з дырэктаркай фабрыкі спадарыня Марчанка сказала нашаму радыё:

(Марчанка: ) “Што мы думаем? Тут стаіць цэнзар, які прачытаў, на кожным аркушы паставіў подпіс”.

Дадам, што запісаны на тэлебачаньні на мінулым тыдні выступ кандыдаткі Марчанкі з цэнзурных меркаваньняў у тэлеэфір увогуле не пусьцілі.

Давераная асоба кандыдата Васіль Палякоў таксама перакананы ў існаваньні татальнай цэнзуры:

(Палякоў: ) “Безумоўна, ёсьць цэнзура. Гэта бачна з паводзінаў асобы, якая прымала матэрыялы, так і з паводзінаў дырэктаркі. Яна не казала, што ёй гэтак загадалі, але гэта было бачна. Друкарня павінна друкаваць матэрыялы. Адказнасьць за тое, што друкуецца, нясе той, хто ставіць подпіс. У дадзеным выпадку – Тацяна Марчанка”.
XS
SM
MD
LG