Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі сэкунд патраціў “экспэрт Ашуркаў” на графалягічную экспэртызу кожнага подпісу?


Уладзімер Глод, Менск Вярхоўны суд Беларусі надалей адхіляе скаргі незарэгістраваных кандыдатаў: з 50 задаволеныя толькі 2. 29 верасьня Вярхоўны суд не задаволіў пазовы дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Навасяда, дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Паўла Знаўца, намесьніка старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука ды іншых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.

За чатыры дні Вярхоўны суд разгледзеў ужо больш за 50 скаргаў, зь якіх задаволіў толькі дзьве – лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды Сяргея Ярмака ды Ўладзімера Шохава – удзельніка афганскай вайны, зь ягоных уласных словаў, заўзятага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі.

Прафэсійнага юрыста Паўла Знаўца абвінавацілі ў тым, што ён не паведаміў, што зьяўляецца адным з заснавальнікаў фірмы "Даліда", якая не працуе аж з 1995 году. На думку спадара Знаўца, Вярхоўны суд паставіўся да ягонай скаргі чыста фармальна.

(Знавец: ) “Прадстаўнік пракуратуры, які ўдзельнічаў у маім судовым працэсе, таксама казаў: я не сумняюся, што Вы – шчыры, сумленны чалавек. Але ж нешта фармальна было. Я кажу: фармальна, можа, нешта і было 10 год таму. Але законных падставаў для адмовы мне ў рэгістрацыі аніякіх! І я ўсё гэта выклаў у скарзе. Прадстаўнік Цэнтарвыбаркаму з правам дарадчага голасу спадар Лабачоў даказаў пераканаўча, як незаконна прымалася рашэньне, што сапраўды летась я быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах і ніякіх прэтэнзіяў не было. Сёлета ж выкапалі мёртвае, тое, да чаго я ўжо 10 год дачыненьня ня маю”.

Паводле закону рашэньне Вярхоўнага суду — канчатковае. Аўтарам пазоваў у Вярхоўны суд раней было адмоўлена ў рэгістрацыі акруговымі камісіямі, не задаволіў іх скаргаў і Цэнтарвыбаркам.

Падчас паседжаньняў Вярхоўнага суду ў справе разгляду скаргаў некаторых незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты высьветлілася, што многія акруговыя выбарчыя камісіі на падставе даведак з экспэртна-крыміналягічнага цэнтру выносілі адмоўныя рашэньні.

Спроба стварыць прэцэдэнт паўторнай незалежнай экспэртызы, за якую два дні (28 і 29 верасьня) змагаўся дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд, посьпеху не прынесла.

Шэраг падпісных лістоў у падтрымку Ўладзімера Навасяда, які балятаваўся па Менскай-Купалаўскай акрузе, акруговая камісія накіравала на адмысловую графалягічную экспэртызу ў гарадзкі Экспэртна-крыміналягічны цэнтар. Перадусім, патрабавалася пацьверджаньне экспэртаў – ці адна і тая ж асоба ставіла свой подпіс, а побач зь ім дату запаўненьня падпіснога ліста?

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат палічыў даведку з экспэртнага цэнтру недасканалай, а ў Вярхоўным судзе амаль 20 падпісантаў, якія трапілі так бы мовіць у "чорны сьпіс", афіцыйна пацьвердзілі, што подпіс і дата пастаўленыя імі асабіста.

Выкліканы ў суд экспэрт Андрэй Ашуркаў, які непасрэдна аналізаваў подпісы, прызнаў, што "абсалютна дакладна вынесьці вэрдыкт у гэтай справе можа толькі Госпад Бог".

Таму спадар Навасяд папрасіў суд правесьці яшчэ адно дасьледаваньне. Аднак прадстаўніца пракуратуры спадарыня Гаўрыленка палічыла гэта немэтазгодным, паколькі, паводле яе, "дасьледаваньне праводзілася высокакваліфікаваным адмыслоўцам Ашуркавым".

Судзьдзя Забара падтрымаў прадстаўніцу пракуратуры. Адмовілі дзейнаму дэпутату і ў просьбе правесьці дадатковае дасьледаваньне непасрэдна ў судовай зале. Гаворыць Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) "Экспэрт Ашуркаў, пры ўмове, што ён працаваў 8 гадзін, а спадар Ашуркаў сказаў, што ён атрымаў подпісы на праверку толькі дзесьці а 12-й гадзіне дня, дык колькі ж ён патраціў часу на праверку аднаго подпісу – можа, сэкундаў 20 ці 15?! Але маё хадайніцтва на імя судзьдзі: давайце скарыстаемся з таго, што адмысловец знаходзіцца тут, і няхай ён зробіць яшчэ адно дасьледаваньне, суд адхіліў. Верагодна, таму, што калі б гэта было зроблена, усё, так бы мовіць, стала б на сваё месца”.

Сябра Цэнтарвыбаркаму з правам дарадчага голасу Алесь Бяляцкі лічыць, што такая практыка зьявілася невыпадкова:

(Бяляцкі: ) “Мы бачылі як за адзін дзень правяраліся сотні подпісаў, выносіліся за дзень сотні рашэньняў, прынамсі, у Менску. Я сказаў бы, што ёсьць падставы, калі не сумнявацца ў праўдзівасьці гэтай экспэртызы, то, прынамсі, выклікае зьдзіўленьне, калі адпаведныя сьведчаньні прадстаўляюць самі кандыдаты ў кандыдаты, чаму яны не ўлічваюцца?”

На фотаздымку: Уладзімер Навасяд
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG