Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады апячаталі памяшканьне друкарні “Топ Тайп”, якая друкавала агітацыйныя ўлёткі для апазыцыйных кандыдатаў


Юлія Шарова, Менск Сёньня прыватная друкарня “Топ Тайп”, якая друкавала агітацыйныя ўлёткі для чатырох апазыцыйных кандыдатаў, прыпыніла сваю працу. Памяшканьне друкарні апячатанае, абсталяваньне ды ўся прадукцыя арыштаваныя.

Друкарня вымушаная была спыніць сваю працу пасьля ўчорашняй праверкі, якую зладзілі супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю.

Дырэктар фірмы Эдуард Гурбо цягам дня знаходзіўся ў Першамайскім райаддзеле міліцыі, і зьвязацца зь ім не ўдалося. Ніякіх камэнтароў па гэтай справе у міліцыі пакуль не даюць. Напярэдадні арышту друкарні спадар Гурбо сказаў у гутарцы са мной, што яго апроч іншага вінавацяць у працы безь ліцэнзіі, якую ён быццам бы не пасьпеў аднавіць.

Між тым, кандыдаты, якія друкавалі ў фірме “Топ Тайп” улёткі, ня могуць пакуль забраць ні замоўленую прадукцыю, ні заплачаныя грошы. На момант падрыхтоўкі матэрыялу да эфіру яны вялі на гэты конт перамовы зь міліцыяй.

Гаворыць Зьміцер Жур, прадстаўнік кандыдата Алега Воўчака.

(Жук: ) “Зараз я спрабую папросту зрабіць так, каб гэтыя грошы вярнулі, заплаціць іншай тыпаграфіі й надрукаваць у іншым месцы”.

Кандыдат на дэпутата Аляксей Кароль пасьпеў надрукаваць і забраць свае ўлёткі. Раптоўную цікавасьць улады да прыватнай друкарні “Топ Тайп” ён наўпрост зьвязвае з палітыкай.

(Кароль: ) “Тая колькасьць кандыдатаў дэмакратычных, якая была зарэгістраваная, напалохала ўладу. І цяпер ідзе наступны этап адсеву кандыдатаў і абмежаваньня іхных магчымасьцяў”.
XS
SM
MD
LG