Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая сакратарка Х.Саляны: “Важна, каб беларускае насельніцтва ведала, што Эўрапейскі Зьвяз займае вельмі прынцыповую пазыцыю ў пытаньні зьніклых”


Юры Сьвірко, Менск Крысьціна Гэляк, прэсавая сакратарка адмысловага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі Хаўера Саляны, у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода пракамэнтавала рашэньне Эўрапейскага Зьвязу увесьці візавыя санкцыі супраць 4 беларускіх чыноўнікаў і рэакцыю на гэта з боку МЗС Беларусі ды Аляксандра Лукашэнкі.

Найперш спадарыня Гэляк заявіла, што самае галоўнае – гэта ня візавыя санкцыі, а лёс зьніклых у Беларусі асобаў.

(Гэляк: ) “Эўрапейскі Зьвяз моцна намагаўся дамагчыся, каб было распачатае незалежнае расьсьледаваньне пад кіраўніцтвам нэўтральнага сьледчага што да тых падзеяў, якія хвалююць усіх нас. Паколькі не было афіцыйнай рэакцыі ад беларускіх уладаў на патрабаваньні Эўрапейскага Зьвязу, дык не існуе альтэрнатывы для дзяржаваў-сяброў, апрача як прыняць рашэньне наконт гэтых канкрэтных захадаў. Важна, каб беларускае насельніцтва ведала, што Эўрапейскі Зьвяз займае вельмі прынцыповую пазыцыю ў гэтым пытаньні, якое мы лічым вельмі важным”.

Як Эўразьвяз паставіўся да заявы МЗС Беларусі пра мажлівасьць захадаў у адказ – візавых санкцыяў супраць эўрапейскіх чыноўнікаў?

(Гэляк: ) “Шчыра, я не магу палічыць гэтыя ідэі даволі арыгінальнымі, так бы мовіць. Дзяржавы-сябры Эўрапейскага Зьвязу ёсьць дэмакратычнымі, ёсьць адкрытымі парлямэнцкімі сыстэмамі, там маюць месца незалежныя расьсьледаваньні, судовыя сыстэмы аддзеленыя ад палітычных, таму любыя ідэі, пра якія Вы згадалі, будуць, прынамсі, не арыгінальнымі. І я думаю, што на іх ня будуць зьвяртаць шмат увагі эўрапейскія дзяржавы-сябры”.

Я папрасіў спадарыню Гэляк пракамэнтаваць таксама рэзкую рэакцыю на санкцыі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі.

(Гэляк: ) “Прэзыдэнт Лукашэнка вельмі добра ведае, што патрабаваньні Эўрапейскага Зьвязу маюць канкрэтны характар. Мы хочам незалежнага расьсьледаваньня, тыя сур’ёзныя абвінавачваньні, якія былі зробленыя, мусяць быць высьветленыя. Таму проста адказваць словамі, што могуць быць зробленыя контарзахады, – гэта насамрэч не адэкватна таму, што дзяржавы-сябры Эўразьвязу хочуць ад беларускага кіраўніцтва”.

Што можа сказаць Эўрапейскі Зьвяз з нагоды Лукашэнкавай заявы пра тое, што Захад плянуе фізычна зьнішчыць яго?

(Гэляк: ) “Гэта проста сьмешная заява, калі дазволіце мне так сказаць. Што хочуць пабачыць эўрапейцы ды што хочуць пабачыць усе беларусы – гэта свабодныя, справядлівыя выбары ды вынік, што прывядзе да ўраду, які трымаецца вяршэнства закону, паважае правы чалавека ў краіне й падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці. Мы ня маем ніякіх сумневаў, што гэта жаданьне пераважнай большасьці беларускага народу. Таму заявы, пра якія Вы спыталіся, насамрэч ня робяць уражаньня на дзяржавы-сябры Эўрапейскага Зьвязу”.
XS
SM
MD
LG