Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянам Эўразьвязу будзе прасьцей трапіць у Беларусь, але ці паедуць яны сюды?


Ігар Карней, Менск Беларусь зьбіраецца ў аднабаковым парадку перайсьці на спрошчаную працэдуру выдачы адна- двух- і трохразовых візаў, сапраўдных цягам 30 дзён. Праўда, такімі выгодамі змогуць карыстацца толькі грамадзяне Эўразьвязу, паколькі яны, з гледзішча беларускага МЗС, ня ёсьць патэнцыйнымі нелегальнымі імігрантамі. Дзеля наведваньня Беларусі ім не запатрабуецца абавязковага пісьмовага запрашэньня.

У беларускім зьнешнепалітычным ведамстве лічаць, што падобны крок будзе спрыяць ажыўленьню двухбаковых кантактаў. Аднак што да названага раней тэрміну – плянавалася, што ўжо ад 1 кастрычніка грамадзяне Эўразьвязу атрымаюць палёгкі ў афармленьні беларускай візы – то ў МЗС яго пакуль не канкрэтызуюць. Гаворыць намесьнік кіраўніка інфармацыйнага ўпраўленьня МЗС Руслан Есін.

(Есін: ) “Так, гэта нашая ініцыятыва. Адпрацоўваецца такая магчымасьць, гэта ўсё праўда, але ёсьць некаторыя тэхнічныя моманты. Але ў цэлым такая магчымасьць рэальная”.

Ранейшая статыстыка сьведчыла на тое, што замежнікі абмінаюць Беларусь: найперш, з прычыны нятаннай беларускай візы (у эквіваленце – каля 150 даляраў), па-другое, складанасьці візавых працэдураў у консульскіх прадстаўніцтвах МЗС Беларусі.

Паводле афіцыйных дадзеных, штогод Беларусь наведваюць 60-70 тысячаў замежнікаў, зь якіх толькі траціна прадстаўляе Эўразьвяз у цяперашніх межах.

І толькі 10% ад гэтай колькасьці едуць у Беларусь адмыслова – астатнія ж транзытам у Расею.

Ці выправіцца сытуацыя з увядзеньнем больш простай працэдуры візавага афармленьня? Вялікай актыўнасьці з Захаду спэцыялісты не чакаюць. Бізнэс-праектаў з удзелам замежных кампаніяў у Беларусі мала, а ў турыстычным пляне замежнікаў не задавальняе беларуская інфраструктура.
XS
SM
MD
LG