Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адкрыты ліст 115 уплывовых палітыкаў ЗША і Эўропы – палітыка Захаду адносна Расеі скончылася правалам


Юры Дракахруст, Прага “Заходнія палітыкі мусяць прызнаць, што нашая стратэгія ў адносінах з Расеяй правалілася”, – гаворыцца ў адкрытым лісьце кіраўнікам краінаў НАТА і Эўразьвязу. Гэта зварот падпісалі больш за 100 ўплывовых палітыкаў і інтэлектуалаў ЗША і Эўропы.

У лісьце сьцявярджаецца, што “расейскае кіраўніцтва парывае з асноўнымі дэмакратычнымі каштоўнасьцямі эўраатлянтычнай супольнасьці. Пуцін абмяжоўвае свабоду і незалежнасьць мэдыяў, зьнішчае фэдэратыўную сыстэму Расеі, адвольна саджае ў турму рэальных і ўяўных палітычных праціўнікаў, адхіляе ад удзелу ў выбарах законных кандыдатаў, запалохвае лідэраў недзяржаўных арганізацыяў і аслабляе палітычныя партыі”.

На думку аўтараў ліста Крэмль скарыстаўся нядаўнімі тэрактамі, найперш трагедыяй у Бэслане, для апраўданьня ўмацаваньня кантролю за палітычным жыцьцём краіны. “Пуцін зарывае ў зямлю плады 14 гадоў дэмакратычных рэформаў, якія пачаліся пасьля распаду СССР”, – адзначаецца ў звароце.

Ягоныя аўтары зьвяртаюць увагу на новыя тэндэнцыі ў расейскай замежнай палітыцы, паводле іх “замежная палітыка прэзыдэнта Пуціна ўсё часьцей характарызуецца пагрозьлівым тонам у дачыненьні да суседзяў Расеі і да энэргетычнай бясьпекі Эўропы, вяртаньнем да мілітарысцкай і імпэрскай рыторыкі й адмовай Расеі выконваць свае міжнародныя абавязкі”.

Аўтары звароту ўскладаюць ускосную адказнасьць за гэтыя працэсы і на Захад – “На працягу апошніх гадоў Захад залішне часта маўчаў, спадзеючыся, што рух прэзыдэнта Пуціна ў няправільным накірунку толькі часовая зьява”. У лісьце утрымліваецца заклік да перагляду й зьмены палітыкі заходніх краінаў датычна Расеі.

Зварот да кіраўнікоў заходніх краінаў падпісалі 115 чалавек, сярод іх былыя прэзыдэнты Чэхіі й Італіі Вацлаў Гавэл і Джуліяно Амата, былы кіраўнік швэдзкага ўраду Карл Більдт, дзейны кіраўнік нямецкай партыі “зялёных” Райнгард Б’ютікофэр, каардынатар у зьнешнепалітычных пытаньнях фракцыі Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нямеччыны ў Бундэстагу Фрыдбэрт Пфлюгэр і іншыя.

Назіральнікі адзначаюць, што пад зваротам не падпісаўся ніхто з палітыкаў ад кіруючай у Нямеччыне сацыял-дэмакратычнай партыі.

Сярод амэрыканцаў, якія падпісалі адкрыты зварот – сэнатар дэмакрат Джон Байдэн, сэнатар рэспубліканец Джон Макэйн, а таксама былы дыплямат Рычард Голбрук, які разглядаецца як кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША, калі прэзыдэнтам ЗША стане Джон Кэры.

Сярод інтэлектуалаў, якія паставілі свае подпісы пад лістом – вядомы амэрыканскі палітоляг Робэрт Каган і рэдактар польскай “Газэты выборчай” Адам Міхнік.

***

Між тым віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч, які таксама падпісаў “Зварот ста” заявіў, што сытуацыя ў Расеі мае для будучыні Эўропы ключавое значэньне. У эксклюзіўным інтэрвію для Радыё Свабода спадар Анышкевіч сказаў:

(Анышкевіч: ) “Няма сумневу ў тым, што Расея такая, якой яна становіцца цяпер, нясе пагрозу стабільнасьці і бясьпецы ў Эўропе і сьвеце. Калі Расея вернецца да аўтарытарнага стылю кіраваньня, дык будзе спакуса, каб забясьпечыць грамадзкую падтрымку для такога стылю кіраваньня пры дапамозе лёзунгаў аб велічы Расеі. Прычым не такой велічы, якая грунтавалася б на выбітных дасягненьнях расейскай літаратуры ці навукі, а велічы, што абапіраецца на вайсковай сіле і на магчымасьці гаварыць з іншымі з пазыцыі сілы”.
XS
SM
MD
LG