Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зарэгістраваў Зінаіду Бандарэнку і Яўгена Лабановіча


Валер Каліноўскі, Менск Цэнтрвыбаркам сёньня зарэгістраваў кандыдатамі ў дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку, і па Менскай Ясенінскай акрузе – кіраўніка Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Яўгена Лабановіча.

Скаргу гарадзенца Аляксандра Васільева, які разам з Валерыем Леванеўскім асуджаны за паклёп на А. Лукашэнку, ЦВК разглядаць адмовіўся, паколькі яна была пададзеная пазьней, чым праз тры дні пасьля рашэньня акруговай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі.

Смаргонская акруговая камісія, адмаўляючы ў рэгістрацыі Зінаідзе Бандарэнцы, спаслалася на тое, што, падаючы ў дэклярацыі суму атрыманай пэнсіі, яна памылілася на 20 рублёў, і што нібыта з’езд АГП, які яе вылучыў, быў нелегітымным.

Аднак ЦВК высьветліў, што ў агульнай суме даходаў спадарыні Бандарэнкі памылкі не было.

Акрамя таго, зь Мінюста афіцыйна пацьвердзілі, што паводле вынікаў праверкі зьезд АГП прызнаны законным.

Прадстаўнік Смаргонскай акруговай камісіі на паседжаньне не прыбыў. Зінаіду Бандарэнка ЦВК зарэгістраваў адзінагалосна. Цяпер яна з двухтыднёвым спазьненьнем пачынае сваю перадвыбарчую кампанію.

Яе асноўная канкурэнтка – цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева.

Зінаіда Бандарэнка кажа, што мае шмат прыхільнікаў на Смаргоншчыне, толькі давераных асобаў болей за 20 чалавек.

Спадарыня Бандарэнка гэтак сказала пра галоўнае палажэньне сваёй перадвыбарчай плятформы:

(Бандарэнка:) “Я лічу, што людзям трэба гаварыць праўду, асабліва наконт рэфэрэндуму. Цяпер ужо іншыя пытаньні адыходзяць на другі плян. Цяпер самае галоўнае, каб людзі падумалі і не зрабілі зноў памылку. Таму што трэці тэрмін – гэта крок у мінулае”.

Апрача Зінаіды Бандарэнкі, ЦВК сёньня зарэгістравала Яўгена Лабановіча, Сяргея Ярмака і Уладзіміра Шокава. Лабановіч адначасова атрымаў і папярэджаньне за заўчасную агітацыю – у ЦВК былі прадстаўленыя улёткі з ягоным партрэтам, нібыта надрукаваныя ў Цюмені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG