Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты правялі несанкцыянаваны ператрус у аршанскім офісе АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск Увечары 28 верасьня старшыня Віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзь Ананьнеў вярнуўся з акруговай камісіі, куды яго выклікалі для нейкіх удакладненьняў як кандыдата ў дэпутаты парлямэнту, і засьпеў у партыйным офісе трох невядомых.

Гэтыя трое прадставіліся міліцыянтамі, адзін зь якіх назваўся ўчастковым, і загадалі дзяўчатам-супрацоўніцам адчыніць дзьверы. Дакумэнтаў на ператрус у іх не было, а прычыну свайго зьяўленьня яны пазьней патлумачылі спадару Ананьневу.

(Ананьнеў: ) “Калі я прыйшоў, то яны паведамілі, што прыйшлі паводле скаргі суседзяў: маўляў, сюды ходзяць розныя людзі, носяць сумкі – а раптам у іх бомба. Яшчэ яны спрабавалі перапісаць усіх, хто на той час знаходзіўся ў офісе – запісаць іхныя прозьвішчы й адрасы. Я зрабіць гэтага ім не дазволіў. І пазьней, у часе нашай гутаркі, гэтыя людзі сказалі мне, што іх даслалі з выканкаму”.

Спадар Ананьнеў кажа, што ў ягоную адсутнасьць нечаканыя наведнікі пасьпелі перагледзець усё ў пакоі, нібыта шукаючы тую самую “бомбу”, але чамусьці забралі з сабою ўзоры ўлётак ды апазыцыйных газэтаў, якія знаходзіліся ў офісе.

На думку Генадзя Ананьнева, ператрус у офісе АГП можа быць выкліканы дзьвюма прычынамі: ён або зьвязаны з праверкай у прыватнай друкарні “Топ Тайп”, дзе многія апазыцыянэры, у тым ліку і спадар Ананьнеў, друкавалі свае агітацыйныя матэрыялы, або гарадзкія ўлады проста шукаюць нейкую зачэпку, каб скасаваць ягоную кандыдацкую рэгістрацыю ды пазбавіць магчымасьці балятавацца ў парлямэнт.
XS
SM
MD
LG