Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ціснуць на кандыдатаў-прадпрымальнікаў усімі магчымымі сродкамі


Міхал Стэльмак, Менск Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – шэраг прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Як праходзіць іх выбарчая кампанія?

Найперш, хацелася б нагадаць афіцыйную пазыцыю ўладаў у дачыненьні да намеру прадстаўнікоў дробнага бізнэсу балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. Яшчэ вясною ў штогадовым звароце да парлямэнту гэтую пазыцыю сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка. Ён зазначыў, што ў Палаце прадстаўнікоў павінны быць “усе слаі насельніцтва, апроч бізнэсоўцаў, камэрсантаў, капіталістаў”.

З гэтага вынікае, што тых жа дробных бізнэсоўцаў у складзе новага парляманту ўлады не хацелі б бачыць. Напрыклад, у Лепельскай выбарчай акрузе №23 балятуецца адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі Раман Унучка. Ягоны канкурэнт – Алег Тычына, які ёсьць сябрам грамадзкага аб’яднаньня дробных прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Вось што спадар Тычына распавёў мне пра адметнасьці выбарчай кампаніі ў гэтай акрузе:

(Тычына: ) “Перашкаджаюць мне праводзіць сустрэчы з выбарцамі. У нядзелю 100 чалавек – прадпрымальнікі і наведнікі рынку – патрабавалі сустрэчы са мной, але яе не дазволілі. Учора закрылі ліцэнзію на права гандлю прадпрымальніку Маляўку Аляксандру Мікалаевічу, які ёсьць маёй даверанай асобай. Лепельскія ўлады цалкам агітуюць за Унучку”.

(Карэспандэнт: ) “У чым выяўляецца гэтая агітацыя на карысьць спадара Ўнучкі?”

(Тычына: ) “Вось выйшаў нумар №78 газэты “Лепельскі край”. Усё пра Ўнучку. Маўляў, Унучка нам зараз дапамагае, а калі стане сьпікерам парлямэнту – наагул закідае грашыма”.

У іншых акругах ціск адчуваюць усе кандыдаты ў дэпутаты зь ліку прадпрымальнікаў, зь якімі я меў гутарку. Напрыклад, Леанід Невар з Рэчыцы, які балятуецца ў выбарчай акрузе №46, меркаваў пабудаваць у гэтым райцэнтры гандлёвую краму. Аднак, паводле спадара Невара, як толькі ён абвясьціў, што хоча стаць парлямэнтаром, дык будаўніцтва давялося адкласьці:

(Невар: ) “Склікалі сход, напісалі заяву, што там ня крама ім патрэбна, а дзіцячая спартовая пляцоўка. Хаця яна ёсьць побач, у пяці кроках. Мы выдаткавалі на гэта вялікія грошы – іх не вяртаюць і ня даюць іншага месца. Хаця ёсьць рашэньне райвыканкаму пра выдзяленьне”.

(Карэспандэнт: ) “Вы зьвязваеце гэта з вашай палітычнай дзейнасьцю?”

(Невар: ) “Так. Толькі з палітычнай дзейнасьцю. Таму што мясцовая ўлада вырабляе ў Рэчыцы, што толькі ўздумаецца. Яна імкнецца спыніць мяне ўсімі шляхамі”.

А вось якія падзеі, зьвязаныя з бізнэсам кандыдата ў дэпутаты, разгортваюцца ў Узьдзе, у выбарчай акрузе №92, дзе балятуецца сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Віктар Крываль:

(Крываль: ) “Я прадпрымальнік, і давялося закрыць сваю лаўку, яна называецца “Мясная лаўка”. Таму што ўлады рэзалі-рэзалі, а зараз паставілі кропку. Ня здолелі зрабіць гэта праз санітарную і падатковую службы – дык яны што зрабілі? Забаранілі людзям выдаваць даведкі, каб мне паставіць кляйно на мясе. Прадстаўнікі раённай вэтстанцыі кажуць, што ўсё, паступіла каманда з раёну ад старшыні райвыканкаму, што калі вы яшчэ хоць адну такую тушу “пракляйміце”, то шукайце іншае месца працы”.
XS
SM
MD
LG