Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры агітацыі за рэфэрэндум парушаюцца артыкулы Выбарчага кодэксу


Юры Сьвірко, Менск Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі вядуць агітацыю толькі за рэфэрэндум, парушаючы нормы Выбарчага кодэксу. Радыё Свабода ўжо распавядала, што за Аляксандра Лукашэнку шмат агітавалі замежныя грамадзяне, перадусім з Расеі ды іншых краінаў СНД, хаця Выбарчы кодэкс наўпрост забараняе агітацыю замежнікам. Ці рэгулюе заканадаўства прынцыпы агітацыі за й супраць рэфэрэндуму?

Хаця Цэнтарвыбаркам заявіў, што ня будзе прымаць асобную пастанову па агітацыі наконт рэфэрэндуму ў СМІ (аналягічныя пастановы заўжды прымаюцца наконт агітацыі на выбарах), варта зазначыць, што 46-ы артыкул Выбарчага кодэксу гаворыць наступнае: “Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі... абавязаныя забясьпечваць роўныя магчымасьці для... правядзеньня агітацыі па выбарах, рэфэрэндуме”.

Аднак на дзяржаўных тэле- і радыёканалах ніводнага слова супраць рэфэрэндуму не пачуеш, акрамя невялікіх частак перадвыбарчых выступаў кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі.

Цікава, што апошняя частка таго ж 46-га артыкулу Выбарчага кодэксу гаворыць: “Цягам апошніх 10 дзён да выбараў, рэфэрэндуму не дапускаецца апублікаваньне вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі, зьвязаных з выбарамі, рэфэрэндумам, прагнозам іх вынікаў”. Можна спадзявацца, што паказ у эфіры прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі спыніцца 7 кастрычніка.

Папярэдні, 45-ы артыкул Выбарчага кодэксу гарантуе: “Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадзкім аб’яднаньням, працоўным калектывам надаецца права бесьперашкоднай агітацыі за прапанову па правядзеньні рэфэрэндуму, за прыняцьце рашэньня, вынесенага на рэфэрэндум, а таксама супраць прапановы па правядзеньні рэфэрэндуму, супраць прыняцьця рашэньня, вынесенага на рэфэрэндум”.

Ну, пра агітацыю “супраць” мы ўсё ведаем – яе проста няма ў дзяржаўных СМІ. Затое так званы адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваецца ў агітацыі за рэфэрэндум, прычым прыцягваюць для гэтага нават вайскоўцаў. Вось што сказаў, напрыклад, першы намесьнік міністра абароны Сяргей Гурулёў:

(Гурулёў: ) “Апазыцыя некалькі гадоў таму давяла армію да такога стану, што афіцэры ня верылі дзяржаве, ад бязвыхаднасьці гандлявалі на рынку, у тым ліку ўзбраеньнем, боепрыпасамі, ваеннай маёмасьцю. Прэзыдэнт Беларусі Галоўнакамандуючы Ўзброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка неймавернымі намаганьнямі выцягнуў Узброеныя Сілы з гэтага бруду і ўратаваў армію”.

Сяргей Гурулёў упэўнены ў тым, што калі мы падтрымаем Аляксандра Лукашэнку, гэта дасьць магчымасьць у бліжэйшыя пяць гадоў канчаткова завяршыць намечаную мадэрнізацыю Узброеных Сілаў. “Гэта наш Галоўнакамандуючы, і маё глыбокае перакананьне як генэрала, што справа гонару афіцэраў верыць яму і выконваць яго ўказаньні”, кажа Гурулёў.

Вось так – “справа гонару афіцэраў”. Хаця той жа Выбарчы кодэкс у 5-м артыкуле кажа: “Выбары, ...удзел у рэфэрэндуме ёсьць свабоднымі: выбаршчык, удзельнік рэфэрэндуму асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, рэфэрэндуме, за каго галасаваць на выбарах, за што галасаваць на рэфэрэндуме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG