Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнікі “Маршу бяздомных студэнтаў” пакараныя штрафам


Альгерд Невяроўскі, Менск Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў актывістаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Юрыя Сідуна й Сяргея Семянюка штрафам у 133 000 рублёў з кожнага. Судзьдзя Алена Рудніцкая прызнала іх вінаватымі ў супраціўленьні міліцыянтам падчас правядзеньня вулічнай акцыі “Марш бяздомных студэнтаў” 16 верасьня.

Для разгляду гэтай справы судзьдзі Рудніцкай спатрэбілася амаль 5 гадзінаў. Юры Сідун і Сяргей Семянюк вінаватымі сябе не прызналі. Яны патлумачылі, што 16 верасьня несьлі раскладушку каля будынку фізфака БДУ, дзе іх затрымалі міліцыянты. Ніякага супраціву міліцыянтам яны не аказвалі й ня ведаюць, у чым вінаватыя.

Але судзьдзя Алена Рудніцкая паверыла не студэнтам ды іх сябрам-сьведкам, а міліцыянту Сяргею Кур’яну, які заявіў, што ў выніку затрыманьня хлопцаў у яго й ягонага калегі былі адарваныя кукарда й гузікі.

Юры Сідун так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Сідун: ) “Рашэньне судзьдзі абсалютна неправамоцнае, неабгрунтаванае нічым, ніякімі паказаньнямі. Я так думаю, што рашэньне было прынятае не ў залі гэтага суда, а значна вышэй”.

А вось меркаваньне Сяргея Семянюка:

(Семянюк: ) “Такое ўражаньне, што хутка можна будзе проста не хадзіць на суды, таму што гэтае рашэньне прымаецца бяз тых людзей, якія ў самім працэсе ўдзельнічаюць”.

Міліцыянты затрымалі Сідуна й Семянюка 16 верасьня падчас акцыі “Марш бяздомных студэнтаў”, калі яны пратэставалі супраць таго, што многім студэнтам адміністрацыі ВНУ не прадастаўляюць інтэрнатаў.
XS
SM
MD
LG