Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дакумэнтальны фільм “Элькіна мара” распавядае аб ахвярах гандлю жанчынамі


Іна Студзінская, Менск 28 верасьня ў канфэрэнц-залі гатэлю “Юбілейны” адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму “Элькіна мара”. Гэта супольны праект Эўразьвязу й Праграмы разьвіцьця ААН “Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Беларусь уваходзіць у дзесятку краінаў, адкуль жанчыны ў пошуках лепшай долі выяжджаюць як быццам працаваць за мяжу, а насамрэч трапляюць у рабства. Згодна з інфармацыяй Міністэрства ўнутраных справаў, летась у Беларусі было зарэгістравана 535 злачынстваў па лініі маральнасьці й гандлю людзьмі. Cёлета ўзбуджана ўжо 476 крымінальных справаў, за 2003-2004 год асуджана 125 чалавек. Гэтую вострую для краіны праблему ўзгадвалі нават на конкурсе прыгажосьці “Міс Беларусь-2004”.

Фільм “Элькіна мара” – пра драматычны лёс 11-гадовай дзяўчынкі, якую падманам вывезьлі ў Маскву й прымусілі стаць прастытуткай. Аўтар і рэжысэр фільму – тэлежурналіст Марыя Маліноўская.

(Карэспандэнтка: ) “Што вам было цяжэй за ўсё, і як вы здолелі гэта маральна пераадолець?”

(Маліноўская: ) “Ведаеце, мае пакуты – гэта нішто, калі параўноўваць з пакутамі гэтых дзяўчат. Яшчэ мне было вельмі страшна зразумець, што маці маёй галоўнай гераіні – мая аднагодка. Псыхалягічна было вельмі цяжка. Тэхнічна – не. Усе стараліся нам дапамагчы”.

(Карэспандэнтка: ) “Раней вы працавалі рэпарцёрам. Цяпер – дакумэнтальны фільм, вельмі вялікая праца, глябальная. Што вам больш даспадобы?”

(Маліноўская: ) “Даспадобы? Ведаеце, я марыла здымаць кіно ўсё сваё жыцьцё. Але я ў гэтым нікому не прызнавалася. Я ўжо амаль гэтага не баюся. І калі гэтым фільмам усе, хто працаваў над гэтым праектам, выратуюць хаця б адно чалавечае жыцьцё, мы лічым, што гэтыя грошы на фільм патрачаныя не дарма”.

Па прызнаньні аўтараў, гэты фільм – для моладзі, якая спрабуе знайсьці месца ў жыцьці. Фільм для бацькоў, якія не зьвяртаюць увагі на дзіцячыя мары. Нягледзячы на ўвесь драматызм, стваральнікі фільма хацелі падараваць гледачам надзею. І мару пра лепшае жыцьцё. Апавядае выканаўчы прадусар фільму Вольга Мікалайчык:

(Мікалайчык: ) “У мяне няма адчуваньня ад фільма, што ён вельмі цяжкі. Там ёсьць надзея ў канцы. І, у адрозьненьні ад мастацкай стужкі “Ліля назаўсёды”, у нас іншая задача стаяла: што мы прарвемся. Жыцьцё на гэтым не сканчаецца. І чым больш людзей пра гэта ведаюць, чым больш людзей мы папярэдзілі, тым лепш мы выканалі сваю місію як творцы, як прадусары, як арганізатары. Канешне, цяжка, з аднаго боку. А зь іншага боку, станоўчы момант, і вельмі моцны, у тым, што мы прарвемся, стоп трафіку, жанчыны перамогуць”.

Беларускімі кінадакумэнталістамі зроблена вялікая й вельмі нялёгкая праца. Цяпер задача – каб гэты фільм дайшоў да той аўдыторыі, на якую разьлічаны: да маладых дзяўчат, студэнтак, школьніц, іх бацькоў. Каб фільм дапамог утрымаць іх ад неабдуманага кроку, які можа зламаць маладому чалавеку жыцьцё, ператварыць мару аб лепшым жыцьці за мяжой у няспынны кашмар.
XS
SM
MD
LG