Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе адкрылася выстава Алеся Пушкіна


Ул. інф. 28 верасьня ў праскай галерэі “Artmap” адбылася выстава беларускага мастака Алеся Пушкіна. Выстава прысьвечаная завяршэньню творчай працы мастака ў чэскай сталіцы.

Вось што распавёў падчас імпрэзы сам Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Прайшоў роўна месяц з таго дня, як я прыехаў у Прагу. У выніку майго побыту тут напісаліся некалькі палотнаў. Гэта “Сьвяты Мікулаш над Прагай”, “Францыск Скарына ў Празе” – дарэчы, першая мая станкавая праца. Бо раней Скарыну я пісаў толькі ў росьпісах і фрэсках.

На выставе паказвалі два фільмы. Адзін – пра пасёлак Бобр, зьняты Ірынай Волах. І другі – пра тое, што я зрабіў 25 верасьня на Карлавым мосьце. А я зрабіў пэрфоманс “Беларуская прысутнасьць”.

Увогуле, вельмі цікава пасьля Бабра перанесьціся ў Прагу, пабыць на магілах Пятра Крэчаўскага й Васіля Захаркі, прайсьці па мосьце, па якім хадзілі Скарына, Агінскі, Караткевіч, Быкаў, Арлоў, Пазьняк, шэраг іншых нашых дзеячоў. Радуе, што і на маёй выставе сабралася шмат беларусаў.

Сёньня схадзіў у амбасаду Рэспублікі Беларусь, запрасіў іх на выставу. Яны ветліва на расейскай мове паабяцалі “принять это к сведению”, але сёньня я не ўбачыў іх на выставе. Відаць, ім гэта не цікава. Цікава гэта тым, хто тут перабывае, працуе, і хто не забыўся на Беларусь”.
XS
SM
MD
LG