Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

29 верасьня 1823 году прыйшоў на сьвет Уладзіслаў Сыракомля


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 верасьня

29 верасьня беларускія хрысьціяне заходняга абраду традыцыйна ўшаноўваюць Міхала. “Калі на Міхала з поўначы вее – май на пагоду надзею”, казалі ў народзе. Ясная ноч абяцала марозную зіму.

29 верасьня 1529 года быў уведзены ў дзеяньне Статут Вялікага княства Літоўскага (Першы Статут) – адзін з найлепшых помнікаў эўрапейскай прававой культуры эпохі Адраджэньня. Статут 1529 г. зьявіўся першым упэўненым крокам тагачаснае Беларусі па шляху да прававой дзяржавы, яму належыць асноўная роля ў разьвіцьці прававой культуры грамадзтва ў ХVІ стагодзьдзі. Далейшае разьвіцьцё падставы прававой дзяржавы атрымалі ў заканадаўстве, створаным на базе першага Статуту – у Статутах 1566 і 1588 гадоў.

29 верасьня 1939 году была зьнішчаная адна з галоўных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. У Будслаўскім касьцёле Ўзьнясеньня Божае Маці атрад чырвонаармейцаў расстраляў зь вінтовак цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Гэты факт яскрава сьведчыць пра норавы новае ўлады на вызваленай ад палякаў тэрыторыі Заходняй Беларусі. Будслаўскі цудатворны абраз будзе адрэстаўраваны толькі ў 1991 годзе, калі адновіцца традыцыйнае гадавое сьвята ў ягоны гонар, якое зноў пачне зьбіраць многія тысячы пілігрымаў.

29 верасьня 1547 году прыйшоў на сьвет гішпанскі пісьменьнік Мігель дэ Сэрвантэс. Два гады таму ягоны раман пра Дон Кіхота, паводле апытаньня прадстаўнікоў інтэлектуальнае эліты ўсяго сьвету, быў прызнаны галоўнай мастацкай кнігай усіх часоў і народаў. Цікава, што Сэрвантэсаў Дон Кіхот пісаўся як пародыя на папулярныя тады рыцарскія раманы. Сам Сэрвантэс лічыў гэты твор несур’ёзным і таму напісаў яшчэ некалькі сур’ёзных рыцарскіх раманаў. Аднак удзячнае чалавецтва выбрала з творчага даробку пісьменьніка менавіта “Дон Кіхота”.

29 верасьня 1823 году прыйшоў на сьвет Уладзіслаў Сыракомля, паэт і пісьменьнік, які ўсю сваю творчасьць прысьвяціў роднай Беларусі. Нарадзіўся Людвік Кандратовіч – такое яго сапраўднае імя – у фальварку Смольгаў, гэта цяперашні Любанскі раён. Апроч шматлікае паэтычнае спадчыны Сыракомля пакінуў надзвычай цікавыя апісаньні Беларусі зь сярэдзіны 19 стагодзьдзя. Напрыклад, цэлыя кніжкі ён прысьвяціў Менску, рацэ Нёман і радзівілаўскім мясьцінам – Нясьвіжу і яго ваколіцам.
XS
SM
MD
LG