Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Рар: “Усё, што адбываецца ў Беларусі, знаходзіцца зараз для заходняй грамадзкасьці ў ценю”


Віталь Цыганкоў, Прага Ці зьяўляецца рашэньне забараніць уезд у краіны Эўразьвязу чатыром беларускім чыноўнікам палітычным ціскам Захаду на кіраўніцтва Беларусі? Чаму Аляксандр Лукашэнка ня ўключаны ў “чорны сьпіс”? Як увогуле Захад можа адрэагаваць на магчымую недэмакратычнасьць парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму? На гэтыя ды іншыя пытаньні Беларускай Свабоды адказвае кіраўнік праграмаў краін СНД Нямецкай Рады зьнешняй палітыкі Аляксандр Рар.

(Цыганкоў: ) “Чаму рашэньне аб забароне ўезду чатыром беларускім чыноўнікам было прынятае менавіта зараз? Ці зьвязанае яно з кампаніяй рэфэрэндуму і ці можна яго такім чынам лічыць формай палітычнага ціску на кіраўніцтва Беларусі?”

(Рар: ) “Мяркую, што такое рашэньне не было прынятае спантанна, яно рыхтавалася загадзя. Чаму менавіта ў гэтыя дні, мне цяжка сказаць. Натуральна, рэфэрэндум тут адыграе пэўную ролю. На Захадзе вельмі не падабаецца той шлях, якім пайшоў прэзыдэнт Лукашэнка, ствараючы сабе ўмовы для вечнага прэзыдэнцтва. Магчыма таксама, што рашэньне Злучаных Штатаў ускосна зьвязанае з выбарамі ў ЗША. Натуральна, што беларуская дыяспара ў ЗША чакае ад кіраўніцтва “цьвёрдых крокаў” супраць уцісканьня апазыцыі ў Беларусі.

Што да Эўразьвязу, то, з аднаго боку, ён сапраўды думае, як узмацніць ціск на Лукашэнку, як прымусіць яго ўводзіць пэўныя дэмакратычныя інстытуцыі. Зь іншага боку, Эўразьвяз і надалей будзе вымушаны заціскаць гайкі і адмаўляцца ад дыялёгу зь Беларусьсю ў якасьці пакараньня за тую палітыку, якую праводзяць улады ў Менску”.

(Цыганкоў: ) “Чаму гэтая забарона на ўезд ня тычыцца самога Аляксандра Лукашэнкі? Падчас ранейшых візавых байкотаў у 1998 і 2002 гадох прэзыдэнт Беларусі ўзначальваў “чорныя сьпісы”. Ці не даюць эўрапейцы гэтым самым Лукашэнку магчымасьць для адступленьня, магчымасьць пайсьці насустрач, правесьці сапраўднае расьсьледваньне справаў зьніклых?”

(Рар: ) “Думаю, што Лукашэнка фактычна знаходзіцца ва ўсіх гэтых сьпісах. Ніхто яго нікуды не запрашае, езьдзіць на Захад ён фактычна ня можа. Калі б яго і зараз упісалі ў чарговы сьпіс, зьніклі б апошнія магчымасьці для нейкіх новых перамоваў зь ім. Эўразьвяз пры ўсім крытычным стаўленьні да беларускай улады імкнецца выкарыстоўваць усе, нават тэарэтычныя магчымасьці для нармалізацыі адносінаў зь беларускімі ўладамі, калі тыя пагодзяцца на тыя ўмовы, што былі пастаўленыя з боку Захаду”.

(Цыганкоў: ) “У аўторак 28 верасьня МЗС Беларусі ў сваёй заяве адзначыла, што рыхтуе сьпісы эўрапейскіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд у Беларусь. Наколькі адэкватная, па-вашаму, такая рэакцыя?”

(Рар: ) “МЗС Беларусі трэба было нейкім чынам адказаць. Сумняваюся, аднак, што гэты адказ будзе мець нейкае значэньне для Захаду. Ня так і шмат чыноўнікаў, супрацоўнікаў міністэрстваў, палітыкаў знаходзяць сёньня дарогу ў Менск. Хутчэй Беларусь аб’яжджаюць, гэтыя кантакты зьнізіліся да мінімальнага ўзроўню і без апошніх сьпісаў. Я ацэньваю заяву МЗС як чыста сымбалічную, якая на Захад аніякага ўплыву мець ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Калі рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары ў Беларусі будуць відавочна недэмакратычнымі, калі вынікі галасаваньня будуць сфальсыфікаваныя, як можа Захад адрэагаваць на такое разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі?”

(Рар: ) “Можна на глябальнае пытаньне адказаць глябальным адказам? На жаль, я павінен канстатаваць, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, знаходзіцца зараз для заходняй грамадзкасьці ў цені. Бо ва Ўсходняй Эўропе адбываюцца яшчэ дзьве вялікія падзеі, якія могуць прывесьці да таго, што ўся канцэпцыя “шырэйшай Эўропы” пацерпіць крах альбо будзе прыпынена. Гэта – пераўтварэньні Пуціна ў Расеі й прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне. У гэтай сувязі наперадзе вельмі шмат канфліктаў, хваля крытыкі, абвінавачваньняў на адрас расейскіх ды ўкраінскіх уладаў. І такая маленькая краіна як Беларусь упісваецца ў агульную карціну новага магчымага процістаяньня ва Ўсходняй Эўропе. Так што ва Ўсходняй частцы нашага кантынэнту будуць адбывацца сур’ёзныя палітычныя баталіі, якія запатрабуюць ад абодвух бакоў крокаў насустрач, каб гэты канфлікт не перайшоў на катастрафічныя рэйкі”.
XS
SM
MD
LG