Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура дала тлумачэньні кіраўніцтву БПЦ


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы зьвярнулася з запытам у пракуратуру Рэспублікі Беларусь для тлумачэньня фактаў, зьвязаных з асобай камандзіра брыгады ўнутраных войскаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Зварот мітрапаліта Філарэта накіраваны ў пракуратуру пасьля публікацыі ў прэсе ліста спэцдакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса.

Нагадаю, аўтар даклада па зьніклых у Беларусі зьвярнуўся да патрыярха Алексія ІІ і Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, каб яны як мага хутчэй адмянілі рашэньне аб узнагароджаньні Паўлічэнкі царкоўным ордэнам сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера. Хрыстас Пургурыдэс цьвердзіць, што Паўлічэнка хутчэй за ўсё быў кіраўніком “эскадрона сьмерці”, створанага на загад былога сакратара Савета бясьпекі, цяперашняга пракурора Рэспублікі Беларусь Шэймана і былога міністра ўнутраных спраў, цяперашняга міністра спорту і турызму Сівакова. Хрыстас Пургурыдэс упэўнены, што на “эскадроне сьмерці” ляжыць адказнасьць за забойствы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.

Мітрапаліт Філарэт зьвярнуўся па тлумачэньні ў пракуратуру. Прадстаўнік пракуратуры напісаў у адказ, быццам зьвесткі аб затрыманьні Паўлічэнкі ў сувязі са справамі зьніклых несапраўдныя. Па вэрсіі пракуратуры, Паўлічэнка быў прэвэнтыўна затрыманы на падставе рашэньня старшыні КДБ Мацкевіча па іншай крымінальнай справе, якая знаходзілася ў вядзеньні пракуратуры. Менавіта ў рамках гэтай справы Паўлічэнка і быў дапытаны. Але потым, у сувязі з незаконным затрыманьнем, ён быў вызвалены па рашэньні кіраўніцтва КДБ.

Як цьвердзіць пракуратура, доказаў пра магчымае дачыненьне Паўлічэнкі да згаданых злачынстваў не атрымана, таму няма й не было падстаў для падазрэньняў. Далей пракуратура піша, што інфармацыя аб проціпраўных дзеяньнях Паўлічэнкі быццам бы беспадстаўная і выкарыстоўваецца для нагнятаньня палітычнага ажыятажу.

Такім чынам, пракуратура быццам бы апраўдвае ўзнагароджаньне Паўлічэнкі царкоўным ордэнам. Як павядзе сябе кіраўніцтва царквы, ці будзе адменена рашэньне аб узнагароджаньні Паўлічэнкі – пакуль невядома. Але ж даклад Хрыстаса Пургурыдэса – гэта таксама афіцыйны дакумэнт.

Як ставіцца да ўзнагароджаньня Паўлічэнкі царкоўным ордэнам маці Юрыя Захаранкі Ульяна Захаранка?

(Ульяна: ) “Во як: за тое, што людзей зьнішчаў, дык яшчэ і ордэн, так? Падумаць толькі. О, умее, падліза, а!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG