Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўлады зьнялі двух кандыдатаў: Уладзіслава Токарава і Паўла Севярынца


Браніслава Станкевіч, Віцебск 17-я акруговая камісія Віцебску скасавала рэгістрацыю двух апазыцыйных кандыдатаў – Паўла Севярынца ды Ўладзіслава Токараваю Падставай для гэтага сталіся радыйныя выступы абодвух кандыдатаў, у якіх, на думку выбарчай камісіі, спадары Севярынец ды Токараў сьвядома абражалі прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнку.

Сёньняшняе пасяджэньне выбарчай камісіі 17-й Горкаўскай акругі было пазачарговым, і, як лічыць лідэр “Маладой Беларусі” Павал Севярынец, відавочна прызначаным “зьверху”.

(Севярынец: ) “Яшчэ ўчора а 17-й гадзіне я размаўляў са старшынём камісіі, калі раздаваў свае ўлёткі, і ўсё было нармальна. А ў 21.20, праз чатыры гадзіны, яна патэлефанавала мне дахаты і сказала, што ў яе ёсьць непрыемныя для мяне навіны. Запрасіла на пасяджэньне, і вось – зьняцьцё! Думаю, што ўлады ацанілі размах мае агітацыйнае кампаніі – а гэта пакуль адзіная агітацыйная кампанія, якая вядзецца ў акрузе. І асноўны яе стрыжань – гэта сказаць “не” на рэфэрэндуме. Дарэчы, у тым выступе, за які мяне зьнялі, я прапанаваў сказаць “не” трэцяму тэрміну для Лукашэнкі 15 разоў”.

Паводле фармулёўкі старшыні камісіі Сьвятланы Мянжынскай, у сваім выступе на радыё спадар Севярынец “агулам абражаў прадстаўнікоў улады, вінавацячы іх у бюракратыі, хлусьні крадзяжах ды карупцыі, а Аляксандра Лукашэнку – ва ўсталяваньні ў краіне дыктатуры”.

Тыя самыя прэтэнзіі былі выказаны камісіяй і на адрас сябра партыі БНФ Уладзіслава Токарава, які адкамэнтаваў скасаваньне свае рэгістрацыі наступным чынам.

(Токараў: ) “Я казаў толькі тое, што і так усім вядома – што час Лукашэнкі ўжо прайшоў. Ніякіх абразаў не было, а калі ён лічыць, што гэтым я яго абразіў, то няхай сабе падае на мяне ў суд. Усё гэта проста паказвае слабасьць улады на Беларусі. Яна нас проста баяцца!”

Уладзіслаў Токараў ды Павал Севярынец зьбіраюцца падаваць апэляцыю ў Цэнтральную выбарчую камісію. Калі ж скасаваньне рэгістрацыі пацьвердзяць і там, то яны абодва мяркуюць працягваць агітацыю ўжо не за сябе, але супраць рэфэрэндуму 17-га кастрычніка.
XS
SM
MD
LG