Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватнай друкарні “Топ Тайп”, якая надрукавала ўлёткі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты, пагражае закрыцьцё


Юлія Шарова, Менск Сёньня ў друкарню наведаліся прадстаўнікі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю. Кіраўніцтва фірмы лічыць, што такая цікавасьць праваахоўных органаў да іхнага прадпрыемства невыпадковая.

Афіцыйнай нагодай для праверкі стаў той факт, што друкарня пачала выконваць замову на выпуск перадвыбарчых улётак да таго, як Цэнтарвыбаркам перавёў грошы паводле адпаведных рахункаў-фактураў. Тыпаграфія “Топ Тайп” пачала ўжо выконваць замову, бо кандыдатам на дэпутатаў патрэбныя агітацыйныя ўлёткі, але ж высьветлілася, што яна такім чынам парушае заканадаўства. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Эдуард Гурбо:

(Гурбо: ) “Пакуль Цэнтарвыбаркам пералічыць, дык калі гэта будзе? Я ня ведаю. Кучу гадоў таму мы друкавалі таму ж Навасяду, дык яны пералічылі празь месяц ці паўтара. Дык надрукавалі ж”.

У друкарні “Топ Тайп” замову на выпуск агітацыйных улётак разьмясьцілі чатыры кандыдаты: Сьвятлана Каралёва, Аляксей Кароль, Алег Воўчак і Генадзь Ананьеў. Дырэктар прадпрыемства лічыць, што такім чынам улады спрабуюць перашкодзіць кандыдатам у часе выбарчай кампаніі.

Друкарня “Топ Тайп” на сёньняшні дзень застаецца адзіным месцам, дзе выпускаецца друкаваная прадукцыя на замову апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG