Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія міліцыянты лічаць, што ўлёткі Валерыя Шчукіна нясуць шкоду грамадзкаму парадку


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Гэткае абвінавачаньне запісалі сёньня ў пратакол супрацоўнікі Першамайскага райадзьдзелу, якія затрымалі спадара Шчукіна за распаўсюд улётак на прасьпекце Будаўнікоў у Віцебску.

У гэтых улётках Валеры Шчукін прапануе землякам сказаць “не “ трэцяму прэзыдэнцкаму тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі, і ініцыятыва апазыцыянэраў ужо другі раз прыцягнула ўвагу віцебскіх ахоўнікаў правапарадку.

У часе мінулага затрыманьня міліцыянты мелі прэтэнзіі адносна выходных дадзеных улётак, і спадару Шчукіну давялося тлумачыць, што ён вырабіў іх уласнаручна, за свае грошы ды дазволеным накладам у 290 паасобнікаў.

Цяпер праблема набыла іншы асьпект: улёткі прызнаныя небясьпечнымі ў сэнсе захаваньня грамадзкага парадку ў горадзе, бо ўтрымліваюць палітычную інфармацыю.

Пасьля дзьвюх гадзінаў знаходжаньня ў пастарунку спадару Шчукіну паведамілі, што пратаколы абодвух затрыманьняў будзе разглядаць адміністрацыйная камісія Першамайскага раёну.
XS
SM
MD
LG