Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кіраўнікі, якім забаронена наведваць краіны Эўразвязу, пакуль не камэнтуюць гэтага рашэньня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аднолькавае “камэнтару няма” пачуў я ад прадстаўнікоў прэсавых службаў міністэрстваў унутраных справаў ды спорту і турызму, а таксама пракуратуры Беларусі. Пакуль іх кіраўнікі, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман не выказалі жаданьня пракамэнтаваць рашэньне Эўразьвязу забараніць ім уезд на сваю тэрыторыю. Ці зьявяцца гэтыя камэнтары пазьней, невядома.

Толькі прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Генадзь Клепча лічыць, што такога камэнтару ад кожнага з пакараных чыноўнікаў паасобку можна не дачакацца.

(Клепча: ) “Гэта ж не аднаго яго тычыцца, ён жа не прыватная асоба, а адзін з тых, адносна каго прынятае гэтае рашэньне. Таму мне падаецца, што тут да месца будзе хутчэй камэнтар Міністэрства замежных справаў”.

Куды раней езьдзілі пакараныя чыноўнікі, дзе яны адпачывалі? Апошнія гады Ўладзімер Навумаў некалькі разоў наведваў Польшчу. Паводле зьвестак, у яго склаліся добрыя дачыненьні з польскім калегам міністрам Рышардам Калішам. Дзе правеў адпачынак Уладзімер Навумаў, невядома. Генэральны пракурор Віктар Шэйман зусім нядаўна вярнуўся з Арменіі, якую наведваў з афіцыйным візытам. Пра ягоныя візыты альбо прыватныя паездкі ў краіны Эўропы нічога не паведамлялася.

Міністар спорту і турызму Юры Сівакоў адпачынак правёў у Беларусі. А ў жніўні Сівакова не пусьцілі ў Грэцыю на Алімпіяду. Кіраўніцтва Грэцыі спаслалася на рэкамэндацыю ПАРЭ, у якой Сівакоў фігуруе як падазраваны ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў у Беларусі. “Ніхто ня мае права называць чалавека злачынцам без рашэньня суду”, — пракамэнтаваў тады рашэньне грэцкіх уладаў міністар спорту Беларусі. У сваіх ранейшых камэнтарах Сівакоў, як Навумаў, не прызнаваў сябе датычным да зьнікненьняў. Што да Віктара Шэймана і Зьмітра Паўлічэнкі, тыя ўвогуле ніколі публічна не камэнтавалі вылучаных супраць іх абвінавачаньняў.

Сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, які сустракаўся ў Менску зь Юрыем Сіваковым, Уладзімерам Навумавым і Віктарам Шэйманам, адзначыў у сваёй справаздачы, што гэтыя асобы не былі зь ім шчырыя.

На фотаздымку: Міністар спорту і турызму Юры Сівакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG