Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск рыхтуе захады ў адказ да кіраўніцтва Эўразьвязу й ЗША


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства замежных спарваў Беларусі выступіла з адказам на тое, што ЗША прывітала рашэньне Эўразьвязу аб забароне зьяўленьня на яго тэрыторыі Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава й Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў і журналістаў Беларусі.

МЗС Беларусі з нагоды апошніх заяваў Эўразьвязу і ЗША правёў тэрміновы брыфінг, на якім была агучаная пазыцыя беларускага замежнапалітычнага ведамства. МЗС Беларусі зазначыў пра “непрымальнасьць” падобных дзеяньняў Эўразьвязу і ЗША, якія названыя афіцыйным Менскам “палітычнымі спэкуляцыямі на лёсах зьніклых людзей”.

Больш за тое, МЗС выказаў пагрозу захадаў у адказ. Гаворыць прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін:

(Есін: ) “МЗС Рэспублікі Беларусь цяпер вызначае кола асобаў Эўразьвязу і ЗША, на якіх будуць распаўсюджаныя такія захады ў адказ”.

Спадар Есін не патлумачыў, ці будуць захады ў адказ датычыць кіроўных асобаў усіх 25 сябраў Эўразьвязу і краінаў-кандыдатаў, якія далучыліся да гэтых санкцыяў. Ня змог ён патлумачыць і палажэньняў заявы МЗС аб тым, што праваахоўныя органы “некаторых заходніх краінаў праігнаравалі просьбы Беларусі аб узаемадзеяньні” ў пытаньні расьсьледаваньня справаў зьніклых. Спадар Есін сказаў, што МЗС толькі акумуляваў інфармацыю зь іншых дзяржаўных органаў і ня мае зьвестак аб тым, у якія заходнія краіны зьвярталіся беларускія ўлады.

Паводле МЗС Беларусі, праваахоўныя органы краіны робяць вычарпальныя захады дзеля дасьледаваньня справаў зьніклых, а Эўразьвяз і ЗША неправамерна прысвойваюць сабе ролю судзьдзі, які дае ацэнку іншым краінам. На думку афіцыйнага Менску, падобныя дзеяньні ЭЗ і ЗША “могуць перашкодзіць міжнароднаму супрацоўніцтву ў справе барацьбы з тэрарызмам, трансьмежавай і арганізаванай злачыннасьцю”.
XS
SM
MD
LG