Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты канфіскавалі кампутар апазыцыянэра, раздрукавалі артыкул з жорсткага дыску і прынесьлі яго ў суд


Казімер Яноўскі, Жлобін У Жлобіне ў раённым судзе разглядалася адміністрацыйная справа супраць лідэра мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пятра Мірашнічэнкі. Яго, як і лідэра арганізацыі й кіраўніка выбарчага штабу кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад АГП Марата Афанасьева, міліцыя абвінаваціла ў распаўсюдзе пэрыядычных выданьняў без выходных зьвестак.

Адміністрацыйная справа супраць Пятра Мірашнічэнкі ўзьнікла зь ператрусу ў ягоным доме, учыненага міліцыяй 14 верасьня.

Тады міліцыянты пад выглядам пошуку скрадзенай яшчэ год таму тэхнікі ў аддзяленьні Белдзяржстраху адабралі ў спадара Мірашнічэнкі кампутар і некаторыя інфармацыйныя матэрыялы. У прыватнасьці, падрыхтаваны ў раённую газэту артыкул пра рэфэрэндум: “Скажам “Не” пажыцьцёвай дыктатуры!” Гэты артыкул міліцыя і падае цяпер у адміністрацыйнай справе як распаўсюд пэрыядычнага выданьня без выходных зьвестак.

Аднак у суд сьледчы міліцыі Сяргей Касавец сёньня прынёс нават не згаданы артыкул, а ягоны варыянт, самавольна ўзяты з памяці кампутара і раздрукаваны непасрэдна ў райаддзеле міліцыі.

Судзьдзя Алена Ярмольчык крытычна паставілася да такой самадзейнасьці міліцыянтаў і перанесла суд на 30 верасьня, запатрабаваўшы прынесьці арыгінал сканфіскаванага разам з кампутарам артыкулу пра рэфэрэндум.

Спадар Мірашнічэнка лічыць сфабрыкаваную адміністрацыйную справу правакацыяй:

(Мірашнічэнка: ) “Гэта скіравана ў першую чаргу супраць кандыдата ў дэпутаты ад АГП Марата Афанасьева. Па-другое, гэта правакацыя супраць мяне як грамадзяніна й старшыні Жлобінскай раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG