Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты зрабілі ператрус у кватэрах давераных асобаў кандыдата ад Партыі БНФ у шклоўскай выбарчай акрузе


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Учора ўвечары ў Шклове міліцыянты зрабілі ператрус на кватэры Аляксандра Шчарбака, кіраўніка групы падтрымкі кандыдата ад Партыі БНФ у Шклоўскай выбарчай акрузе Рыгора Костусева.

Ператрус кватэры шклоўца Аляксандра Шчарбака санкцыянаваў раённы пракурор. Сам актывіст зьвязвае такія захады з распаўсюдам на Шклоўшчыне улётак, скіраваных супраць рэфэрэндуму. А апошнім часам зьявіліся ўлёткі з новым зьместам.

(Шчарбак: ) “Улёткі пра тое, што намі кіруюць людзі, якія мільянэры. У тым ліку і спадар Канаплёў, і Аляксандар Рыгоравіч ёсьць там, уся гэтая “камарылья”, якая наверсе сядзіць”.

Ператрус у кватэры Аляксандра Шчарбака доўжыўся паўгадзіны, чатыры міліцыянты шукалі друкаваныя матэрыялы, але нічога не знайшлі. Як ацэньвае Аляксандар Шчарбак дзеяньні ўладаў?

(Шчарбак: ) “Нармалёва, у тым стылі працы, якая сёньня існуе. Калі ты толькі не ўваходзіш у іхную структуру, тады — наперад, цябе пачынаюць абшукваць, браць, садзіць і гэтак далей”.

Ператрус у кватэры шклоўца стаў такім трэцім выпадкам з пачатку агітацыйнай кампаніі. Раней міліцыянты праверылі кватэры давераных асобаў кандыдата ад Партыі БНФ у Бялынічах і ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёну.
XS
SM
MD
LG