Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міс Беларусі-2004 Вольга Антропава – сучасная дзяўчына й полацкая патрыётка


Вінцэсь Мудроў, Полацак Сёлетні конкурс прыгажосьці, фінал якога прайшоў мінулай пятніцы ў Менску, атрымаў вялікі розгалас у дзяржаўных СМІ. Гэтак, “Советская Белоруссия” прысьвяціла гэтай падзеі першыя дзьве паласы. Пры гэтым у газэтным матэрыяле восем разоў згадваецца прэзыдэнт РБ, але не паведамляецца – які горад рэпрэзэнтавала пераможца конкурсу Вольга Антропава. Між тым, зорка беларускага подыюму – палачанка, і, паводле ейных словаў, ганарыцца родным горадам.

(Вольга Антропава: ) “Па-першае, я задаволена, што перамагла на конкурсе. Ну а па-другое, я вельмі ўдзячная палачанам за падтрымку. Сёньня мяне павіншавала безьліч сяброў, знаёмых і проста незнаёмых людзей. Дзякуй вам, палачане! Я заўсёды буду ганарыцца нашым старажытным горадам”.

Пераможца конкурсу “Міс”... ці, кажучы па-беларуску, “Спадарычна Беларусі-2004” – карэнная палачанка. Свойчас скончыла 12-ю гарадзкую школу, і нікуды – гэта яна мне сказала асабіста – зьяжджаць з Полацку не зьбіраецца. Сярод яе хобі – вывучэньне ангельскай ды японскай моваў, апроч таго, у яе на стале ляжаць кнігі па гісторыі Беларусі.

Вольга з тых сучасных дзяўчын, якія, казаў той, зрабілі самі сябе. Пераможцы 21 год, а яна ўжо даўно працуе ў мадэльным бізнэсе, жыве ў набытай за ўласныя грошы кватэры і дапамагае маці выхоўваць малодшую сястру. Што тычыцца яе асабістых якасьцяў, дык пра тое мне распавёў спадарожнік яе жыцьця і лепшы сябар Вячаслаў Каралёнак:

(Каралёнак: ) “З Вольгаю я пазнаёміўся два гады таму, у маладзёвым цэнтры. Гэта добрая, шчырая, чулая дзяўчына. Я мушу зараз падтрымаць яе дзеля заваёвы будучых тытулаў. Думаю, на конкурсе прыгажуняў сьвету яна будзе не апошняй”.

Мала нарадзіцца прыгожай – важна сябе паказаць… Пуцёўку на подыюм Вользе Антропавай дала мадэльная агенцыя “Сафія”, якая ўжо ня першы год працуе ў рэгіёне і за часам свайго існаваньня займела вялікую папулярнасьць і вядомасьць. І тут самы раз даць слова дырэктару агенцыі Анатолю Борскаму:

(Борскі: ) “Абраньне Вольгі Антропавай “Міс Беларусі” – зьява заканамерная. Бо самыя прыгожыя й разумныя дзяўчыны жывуць менавіта на Полаччыне. Кажу гэта як спэцыяліст мадэльнай справы. Што тычыцца нашае агенцыі, дык мы працуем ужо сем гадоў і маем пэўныя посьпехі. Так, дзьве дзяўчыны працавалі сёлета ў Парыжы, на тыдні высокай моды. Ну а нашая выхаванка Вольга Антропава перамагла заслужана. Спадзяюся, што яна годна прадставіць Беларусь на конкурсе “Міс сьвету”.

Якія бліжэйшыя пляны ў Вольгі? Сёньня яна едзе ў Менск, а адтуль выпраўляецца ў шматдзённы тур па гарадах і мястэчках Беларусі з наведваньнем, у дабрачынных мэтах, шпіталёў, дзіцячых дамоў і прытулкаў. Ну а потым пачнецца падрыхтоўка да ўсясьветнага конкурсу прыгажосьці, які адбудзецца ў сьнежні ў Пэкіне, на якім Вольга будзе рэпрэзэнтаваць нашую краіну”. Застаецца толькі пажадаць чароўнай палачанцы посьпехаў на высокіх подыюмах.
XS
SM
MD
LG