Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдарожны гандаль на вёсцы – не ад добрага жыцьця


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі набірае размах такая зьява як прыдарожны гандаль. Прычым, сярод гандляроў можна бачыць шмат дзяцей. Што вымушае іх да такой працы? Як ставяцца да яе грамадзтва й дзяржава?

Гэтымі днямі ўдоўж найбольш ажыўленых аўтамабільных дарог, якія праходзяць праз паселішчы альбо паблізу іх, можна бачыць мноства стыхійных міні-рынкаў. Хлопчыкі й дзяўчынкі рознага ўзросту прапануюць кіроўцам-гараджанам садавіну, гародніну, грыбы. Як непадалёк ёсьць рэкі й азёры, на продаж выстаўляецца й рыба. У прыватнасьці, вельмі шмат такіх гандлёвых кропак на шашы Менск – Мікашэвічы. Вось, напрыклад, што распавялі мне дзеці-вяскоўцы Слуцкага раёну:

(Уладзімір: ) “Можна прадаваць яблыкі, грушы, журавіны, брусьніцы, грыбы”.

(Алена: ) “Тут бывае стаіш, а машыны ня спыняюцца. А бывае, што і хутка купляюць”.

(Цімур: ) “Мяне завуць Цімур”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі табе год?”

(Цімур: ) “Восем”.

(Карэспандэнт: ) “Як ты лета праводзіў? Што рабіў?”

(Цімур: ) “Ягады зьбіраў”.

(Карэспандэнт: ) “А па колькі ты прадаваў?”

(Цімур: ) “Па 2 тысячы рублёў двухлітровы слоік”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат дзяцей тут гандлюе?”

(Алена: ) “Так. Тут стаў завод і неяк трэба зарабляць тут грошы. Вось мы зьбіраем грыбы і прадаём іх”.

Як ставіцца дзяржава да такіх вось дзяцей-гандляроў? Паводле заканадаўства, працаздольны ўзрост для дзяцей наступае ў Беларусі ў 14 гадоў. У дзяржаўных нарматыўных актах, якія датычаць дзіцячай працы, рэглямэнтаваныя й віды занятку для беларускіх падлеткаў. У прыватнасьці, падлеткі могуць рыхтаваць да сяўбы насеньне, даглядаць пасевы, падбіраць лён, падграбаць сена й салому, зьбіраць гуркі, памідоры, бульбу. Працоўнае заканадаўства дазваляе таксама 14-гадовым падлеткам зьбіраць грыбы й ягады. Але, як паведаміла мне адказная супрацоўніца Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва, пры наступнай умове:

(Шчамялёва: ) “Для гэтага дзіця мусіць ці то пры школе працаваць, ці то зьвярнуцца ў службу занятасьці. Інакш кажучы, гэта ўсё робіцца ня проста. Гэта ўсё мусіць быць зафіксавана. Калі мы плацім заробак, то мы павінны гэта арганізавана рабіць. А вось гэты гандаль ягадамі і грыбамі–неарганізаваны.Тут маюць месца адміністрацыйныя парушэньні. Я ведаю, што міліцыя штрафуе тых, хто гандлюе каля дарог”.

Як можна зразумець, нягледзячы на адмоўнае стаўленьне дзяржавы да прыдарожнага гандлю з удзелам дзяцей, яны ў большасьці не падпарадкоўваюцца такой палітыцы і працягваюць гэты занятак. Як правіла, гандляваць да аўтадарог дзяцей выпраўляюць бацькі альбо бабулі з дзядулямі. Дык вось, на іх думку, аргумэнты спадарыні Шчамялёвай тэарэтычна слушныя, але ў жыцьцёвым пляне не прыдатныя. Цяперашнія вяскоўцы ў сваёй большасьці – людзі малазабясьпечаныя, атрымліваюць мізэрныя заробкі, а то й наагул беспрацоўныя. Вось меркаваньні дарослых жыхароў Случчыны, чые дзеці і ўнукі займаюцца прыдарожным гандлем:

(Спадарыня Нікіціна: ) “У нас у пасёлку шмат моладзі нідзе ня робіць. Таму што няма працы. Хаця б нейкі цэх пабудавалі”.

(Спадарыня Ломаць: ) “Канешне, займаюцца ўнукі мае. Дапамагаюць зьбіраць, прадаваць. А што ж! Гэта грошы. А то хіба ж зараз за адну пэнсію пражывеш?!”

(Спадарыня Нікіціна: )” І вось так гаруем. Лес ратуе. Каб ня лес, то ня ведаем, як бы жылі”.

(Спадарыня Ломаць: ) “Трэба варушыцца – гэта адно. А другое – трэба любоў да працы выхоўваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG