Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыя ўжо дазволеная – чаму не відаць агітатараў?


Ганна Соусь, Менск З канца мінулага тыдня ў Беларусі дазволена весьці агітацыю за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У Менску вызначаны 122 пляцоўкі для правядзеньня перадвыбарчай кампаніі. Нашая карэспандэнтка сёньня наведала адну зь іх.

Ля ўваходу ў Палац чыгуначнікаў вісіць вялікі плякат з абвесткай пра маючыя адбыцца 17 кастрычніка рэфэрэндум і выбары ў Нацыянальны сход Беларусі. Як мне патлумачылі ў палацы, тут пакуль ніхто не вядзе перадвыбарчай агітацыі. Я зьвярнулася да мінакоў, што праходзілі побач з Палацам чыгуначнікаў:

(Карэспандэнтка: ) “Мы цяпер знаходзімся ў месцы, дзе афіцыйна дазволена агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты. Ці бачылі Вы, каб хто-небудзь агітаваў за кандыдатаў?”

(Спадарыня: ) “Не, мы на сабе гэтага не адчулі”.

(Спадар: ) “Не заўважалі, ніякай агітацыі не заўважалі”.

(Спадар: ) “А што, цяпер вядзецца агітацыя? Я такога ня чуў”.

(Спадарыня: ) “Пакуль такой агітацыі не назіраецца. Раней былі плякаты й сходы. А цяпер такога няма”.

(Спадар: ) “Ні разу не заўважаў. Наогул, калі нехта хоча сказаць сваё свабоднае слова, з-пад зямлі вырастае “ціхар” і міліцыянт і пачынае перашкаджаць. А тое, што каля Палацу чыгуначнікаў, дык хто тут наважыцца рабіць? Адразу паведамяць у мянтоўку”.

(Карэспандэнтка: ) “Але гэта афіцыйна дазволенае месца агітацыі”.

(Спадар: ) “Ніколі ня бачыў”.

Яшчэ ня ўсе сябры палітычных партый, якія сталі кандыдатамі ў дэпутаты, распачалі вулічную агітацыйную кампанію. Як мне патлумачылі ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пакуль яшчэ не надрукаваныя ўлёткі з інфармацыяй пра кандыдатаў. Грошы на іх выдаткоўваюцца з адмысловага выбарчага фонду, і ня ўсім кандыдатам яны былі пералічаныя. А агітацыя з інфармацыйнымі матэрыяламі, вырабленымі нейкім іншым шляхам, можа стаць падставай для зьняцьця кандыдата з выбарчай кампаніі. Ёсьць і іншая прычына. Гаворыць другі сакратар Менскага гаркаму Партыі камуністаў беларускай Віктар Кавалькоў:

(Кавалькоў: ) “Такую форму агітацыі, як пікеты ў справе абмеркаваньня кандыдатаў, мы пакуль ня маем магчымасьці выкарыстоўваць. Павінен быць дазвол Менгарвыканкаму. Заяўкі на пікеты накіроўваюцца, як і на іншыя масава-палітычныя мерапрыемствы — за 15 дзён да іх правядзеньня”.

Такім чынам, першыя вулічныя агітацыйныя пікеты за кандыдатаў у дэпутаты адбудуцца недзе на пачатку кастрычніка.
XS
SM
MD
LG