Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства беларускай мовы сьвяткуе 15-годзьдзе


Іна Студзінская, Менск 28 верасьня сваё 15-годзьдзе адзначае рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”. Ніякіх урачыстых сходаў з ганаровым прэзыдыюмам, доўгімі прамовамі й прыняцьцем падарункаў і віншаваньняў не заплянавана. ТБМ вырашыла адсьвяткаваць свой, так бы мовіць, “цінэйджэрскі” ўзрост не зусім традыцыйна – вечарынамі бардаўскай песьні ў Менску ды іншых буйных гарадох.

У абласных гарадох вечарыны бардаўскай песьні пройдуць менавіта сёньня. А ў Менскім Доме літаратара беларускія барды будуць сьпяваць 29-га верасьня, у сераду. Дарэчы, цікава, што Таварыства беларускай мовы сьвяткуе свае народзіны двойчы на год – улетку, 27 чэрвеня, калі адбыўся першы ўстановачны зьезд, і ўвосень, 28 верасьня, калі ў 1989 годзе тагачасны Вярхоўны Савет (яшчэ БССР) афіцыйна дазволіў дзейнасьць ТБМ.

Тады, напрыканцы 80-х, ТБМ стваралася амаль паралельна зь Беларускім народным фронтам, іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі. ТБМ задумвалася менавіта як культурна-асьветніцкая арганізацыя. І цікава, што ў многіх гарадох і раёнах краіны сябрамі ТБМ станавіліся мясцовыя чыноўнікі, прадстаўнікі намэнклятуры. Чаму так адбылося?

Паводле меркаваньня старшыні ТБМ Алега Трусава, тагачасная намэнклятура спадзявалася, што стварыўшы ТБМ і ўзяўшы арганізацыю пад кантроль, можна скіраваць дзейнасьць актыўных людзей з палітычнага ў культурніцка-асьветніцкае русла. Але сябры ТБМ пачалі сваю працу менавіта з Закону аб мовах. А потым сталі вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Дарэчы, тады ад ТБМ ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня прайшло 13 дэпутатаў, у тым ліку й Зянон Пазьняк. ТБМ у 1990-м стварыла і сваю газэту “Наша слова”, якая выходзіць і дагэтуль. А цяпер яшчэ выходзіць і “Новы час”.

За 15 год існаваньня ў ТБМ зьмянілася тры старшыні, усе вельмі паважаныя людзі – Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін і Алег Трусаў. Шмат цяжкасьцяў давялося перажыць за гэтыя 15 гадоў – ТБМ абкладалі непамернымі штрафамі, выганялі з сядзібы, але грамадзкая арганізацыя выжыла. І самае галоўнае, беларускай мове зараз нішто не пагражае, лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Адраджэньне мовы пайшло нягледзячы ні на што. І гэты працэс нарастае з кожным днём. Улады зачыняюць школы, выцясьняюць, напрыклад, мову з адукацыі – мова праходзіць праз інтэрнэт. Самае галоўнае, што большасьць людзей вельмі станоўча ставіцца да мовы, і за гэтыя 15 год беларуская мова стала мовай эліт гарадоў. Яна стала з мовы калгасьнікаў, з мовы бамжоў, занядбалых людзей мовай нашай эліты. Пра гэта сьведчыць Беларускі ліцэй, які стварыў ТБМ. Мова яднае людзей. І зараз апошнія выбары паказалі, як людзі станоўча ставяцца да мовы. Можна на мове весьці любую агітацыю, любую справу. Цябе падтрымаюць, разумеюць, скажуць “дзякуй”.

У вечарыне бардаўскай песьні бяруць удзел вядомыя беларускія выканаўцы: Кася Камоцкая, Галіна і Барыс Вайханскія, Эдуард Акулін, Алесь Камоцкі, Лера Сом. Дарэчы, вось што сказала Лера Сом, старшыня Полацкай суполкі Таварыства беларускай мовы, паэтка і выканаўца:

(Сом: ) “Для мяне асабіста ТБМ – гэта своеасаблівая арганізацыя, якую я вельмі даўно люблю, сябрам якой я стаю ад самага пачатку. А выступаць я буду на гэтым канцэрце таму, што мне падабаецца ТБМ, падабаецца яго старшыня Алег Трусаў, падабаецца тое, што ТБМ паднялося на новы абсалютна этап, на новы ўзровень”.

Застаецца нагадаць, што вечарына бардаўскай песьні, прысьвечаная 15-годзьдзю Таварыства беларускай мовы, адбудзецца ў Менскім Доме літаратара 29 верасьня, а 18.30.
XS
SM
MD
LG