Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 верасьня адбудзецца закрыцьцё Паралімпійскіх гульняў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў сталіцы Грэцыі другі раз цягам месяца пройдзе цырымонія закрыцьця Алімпійскіх гульняў: цяпер на разьвітальнае шэсьце выйдуць паралімпійцы – людзі зь фізычна абмежаванымі здольнасьцямі. Праўда, як напярэдадні абвясьцілі арганізатары, цырымонія будзе максымальна скарочаная: перадусім, ня будзе забаўляльных момантаў. Школьны аўтобус, які вёз дзяцей якраз на заключнае шоў, сутыкнуўся з грузавіком. 7 дзяцей загінулі, болей за 30 атрымалі сур’ёзныя траўмы. Заўтра ў Грэцыі будзе абвешчаная жалоба… І ўсё ж, чым запомніліся сёлетнія паралімпійскія гульні?

Вынікі беларускіх паралімпійцаў пераўзышлі нават самыя аптымістычныя чаканьні: 33 спартоўцы вязуць з Афінаў тры дзесяткі мэдалёў – фактычна па мэдалю на кожнага. Але калі ў прэсе толькі былі агучаныя пляны на 25 паралімпійскіх мэдалёў, адразу ж узьніклі ня самыя прыемныя аналёгіі ў зьвязку з асноўнай нацыянальнай камандай. Месяц таму таксама хацелі шмат, а атрымалі, колькі здолелі – 15 замест тых жа 25-і. Кіраўнік паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель, які разам з камандай цяпер у Афінах, так пракамэнтаваў посьпехі паралімпійцаў:

(Шэпель: ) “Падрыхтоўка была кропкавай, а не паводле відаў спорту. На пачатку года мы сустракаліся са спартоўцамі, трэнэрамі, лекарамі. Вызначалі задачы, сыходзячы з магчымасьцяў. І калі ўсе згаджаліся, пачыналася фінансаваньне – на канкрэтнага чалавека. І хоць было атрымана 48 ліцэнзій, мы павезьлі толькі 33 спартоўцаў, які прэтэндавалі на 1-6 месцы. Астатнім было прапанавана ехаць сваім коштам, паколькі паралімпійскія гульні – вельмі дарагое мерапрыемства. Была абраная менавіта такая тактыка”.

Першая група беларускіх спартоўцаў вяртаецца дадому ўжо сёньня. Ці заплянаваная сустрэча зь імі на дзяржаўным узроўні, як гэта было ў выпадку з нацыянальнай камандай? Напярэдадні я пацікавіўся наконт гэтага ў дзяржаўнага трэнэра паралімпійскай зборнай Генадзя Петражыцкага. Ён адказаў, што жаданьне паралімпіцаў у дадзеным выпадку мала што значыць.

“Рашэньне будзе прымацца ня намі, а вышэйшым кіраўніцтвам”, канстатаваў спадар Петражыцкі. А гэта значыць, як і ў выпадку з уладальнікамі алімпійскіх мэдалёў у нацыянальнай зборнай, можа зноў паўтарыцца гісторыя зь непаразуменьнямі вакол выплатаў прэміяльных. Нагадаю, за мэдалі паралімпійцам абяцана выплаціць 12, 6 і 4 тысячы даляраў – адпаведна, за першае, другое і трэцяе месцы. Іхныя калегі з нацыянальнай каманды значна большых выплатаў (60, 30 і 20 тысячаў даляраў) чакаюць ужо месяц.

(Вядучы: ) “А што кажуць удзельнікі спаборніцтваў пра адметнасьці ці пра нейкія характэрныя рысы сёлетняй Паралімпіяды?”

Адметнасьцю ХІІ-й Паралімпіяды, на думку спартовых адмыслоўцаў, сталася кардынальная рэвізія рэкордаў, якія трымаліся па некалькі дзесяцігодзьдзяў. А некаторыя вынікі, прадэманстраваныя ў Афінах, пераўзыходзяць нават паказчыкі фізычна здаровых людзей. Кіраўнік паралімпійскага камітэту Алег Шэпель кажа: гаворка ледзьве не пра траціну вынікаў, адкарэктаваных усясьветнымі рэкордамі.

(Шэпель: ) “Вынікі, якія дэманструюць зараз спартоўцы-паралімпійцы, асабліва ў бегавых дысцыплінах, спрынце – вышэйшыя, чым, прыкладам, у нас у краіне ў здаровых. 200 мэтраў бягуць за 21 сэкунду, марафон – за 2 гадзіны 10 хвілінаў. Гэта вельмі сур’ёзныя паказчыкі. І прыкладна 30% вынікаў (а можа нават і болей будзе) пабіта ўсясьветнымі рэкордамі. І такая тэндэнцыя працягваецца”.

І менавіта ўнікальныя вынікі спартоўцаў з абмежаванымі магчымасьцямі – тэма для размоваў і абмеркаваньняў у нацыянальных штабах напярэдадні такіх жа стартаў праз чатыры гады ў кітайскай сталіцы.
XS
SM
MD
LG