Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны “Ганцавіцкі час” выйграў суд у афіцыйнага “Советского Полесья”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд беларускага друку

“Белорусская деловая газета” з нагоды маючага адбыцца заўтра пікету актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў зьмясьціла матэрыял, у якім аналізуецца сытуацыя ў прафсаюзным руху.

“Мастацтва выбіраць сяброў” – пад такім загалоўкам аўтары “Белорусской деловой газеты” аналізуюць усе бакі нядаўняга візыту ў Беларусь іранскага прэзыдэнта Мухамада Хатамі. Журналісты робяць выснову, што візыт насіў палітычны характар і даюць некаторыя зьвесткі пра адносіны Ірана з іншымі краінамі і МАГАТЭ.

Як засьцерагчыся ад псэўда-псыхааналітыкаў? Куды трэба зьвяртацца па дапамогу? Аўтарка Марыя Яравенка высьвятляе гэтыя пытаньні. Кваліфікаваны псыхоляг дае парады чытачам газэты.

Газэта “Витебский курьер” зьмясьціла фотарэпартаж з сельскагаспадарчай ярмаркі ў цэнтры Віцебску. Журналісты высьвятляюць пытаньне, чаму такую прадукцыю – моркву, бульбу, цыбулю, капусту – нельга набываць у крамах зімой і вясной. Чаму трэба займацца нарыхтоўкай цягам некалькіх дзён у верасьні і кастрычніку?

У газэце надрукавалі матэрыял пра тое, як пэнсіянэру ў касе не далі ільготны квіток на аўтобус. Ён забыў дома пэнсіённае пасьведчаньне і меў пры сабе толькі пашпарт.

Як дапамагчы параненаму буслу? Чытачы зьвяртаюцца ў рэдакцыю “Витебского курьера” з такім пытаньнем. Апошнім часам людзі бяруць да сябе буслоў, якія параніліся на дарозе, ці ад лініі электраперадачы. Газэта надрукавала парады спэцыяліста-арнітоляга.

“Ганцавіцкі час” распавядае пра суды, якія ініцыявала рэдакцыя гэтага выданьня супраць дзяржаўнай газэты “Советское Полесье”. Рэдактар “”СП” Галіна Мазіна ў сваім артыкуле абразьліва выказалася наконт сваёй калегі Сафіі Ясько з “Ганцавіцкага часу” за яе артыкул “Ніхто не забыты, нішто не забыта?”. Нарэшце суд часткова задаволіў пазоў – зь дзяржаўнай газэты спагнаць 49 000 руб, такую ж суму з рэдактара, прынесьці прабачэньне і надрукаваць абвяржэньне.

Рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі на старонках газэты паведамляе пра тое, як хадзіў на паседжаньне Х сэсіі райсавету і як яму забаранілі на ім прысутнічаць.

Газэта “Ляхавіцкі час” надрукавала артыкул пра стан тэхнікі на калгасных палях. Трактарыст загінуў пад коламі свайго трактара з-за няспраўнай каробкі перадач. Трактар заглух, і, калі ён яго спрабаваў яго завесьці, той так хутка паехаў, што кіроўца не пасьпеў адбегчы.

Упершыню суд пакараў бацьку за зьбіцьцё й катаваньні свайго дзіцяці. Жыхар зь вёскі пад Ляхавічамі біў сваю пяцігадовую дачку, нават падвешваў яе на цьвік, пакуль жонка была ў шпіталі. Суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на 4,5 гады, а днямі й бацькоўскіх правоў на ўсіх яго шасьцёх дзяцей.

Газэта “Ляхавіцкі час” распавядае пра акцыю мясцовага інтэрнэт-клюбу – Дзень бясплатнага інтэрнэту. 5 гадзінаў жадаючыя маглі карыстацца інтэрнэтам бясплатна. У часе акцыі праводзіліся конкурсы й віктарыны. Арганізатары такім чынам спадзяюцца павялічыць кола сваіх наведвальнікаў.
XS
SM
MD
LG