Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 верасьня 1937 году савецкія карныя органы расстралялі беларускага тэатральнага дзеяча Ўладзіслава Галубка


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 28 верасьня

28 верасьня 1708 году расейскія палкі й атрады калмыкаў на загад расейскага цара Пятра І спалілі беларускі горад Віцебск. У той самы дзень адбылася бітва расейскага войска са швэдамі каля вёскі Лясная, непадалёку ад Прапойску, цяперашняга Слаўгарада.

28 верасьня 1937 году савецкія карныя органы расстралялі беларускага драматурга, актора і рэжысэра, заснавальніка беларускага савецкага тэатру Ўладзіслава Галубка. Забойству не перашкодзіла нават тое, што Галубок быў самым першым народным артыстам Беларусі. Чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў тэатру, напісаў 40 п’ес і выхаваў вялікае мноства прафэсійных актораў, быў зьнішчаны паводле хлусьлівага абвінавачаньня ў палітычнай дзейнасьці.

28 верасьня 1939 году ў Маскве міністры замежных справаў СССР і Нямеччыны Молатаў і Рыбэнтроп падпісваюць “Нямецка-савецкую дамову аб дружбе і мяжы СССР і Нямеччыны”. Дамова прадугледжвала “аднаўленьне мiру й парадку” на тэрыторыi “былой Польскай дзяржавы”. Быў таксама падпiсаны сакрэтны пратакол, паводле якога Лiтва ўключалася ў сфэру iнтарэсаў Савецкага Саюзу. Яшчэ адзін дадатковы пратакол прадугледжваў, што немцы з тэрыторыі СССР мусяць быць пераселеныя на захад, а беларусы і ўкраінцы, што апынуліся на нямецкай тэрыторыі – на ўсход.

28 верасьня 1941 году ў Мар’іну Горку прыбылі зь Менску 60 карнікаў, прадстаўнікоў жандармэрыі, ахоўнай паліцыі і СД пад камандаваньнем брыгадэн-фюрэра СС Цымэра. Усіх габрэяў выгналі з хатаў на плошчу, а адтуль на 9 машынах даставілі да раней выкапаных ямаў ва ўрочышчы Папова Горка – за 400 мэтраў ад вёскі Блонь. Усяго было забіта больш за тысячу чалавек.

Сёньня адзначае свой дзень нараджэньня беларускі палітык Мечыслаў Грыб, подпіс якога стаіць пад Канстытуцыяй незалежнае Беларусі. Мечыслаў Грыб паходзіць зь вёскі Савічы Дзятлаўскага раёну, зрабіў пасьпяховую міліцэйскую кар’еру – даслужыўся да годнасьці генэрала-лейтэнанта міліцыі. У 1994-м абраны старшынём Вярхоўнага Савету краіны. Сёньня ён – адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”.

А яшчэ 28 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет кітайскі мысьляр Канфуцый, італьянскі мастак Мікелянджэла, украінскі паэт Дмытро Паўлычка і француская акторка Брыджыт Бардо. Таксама ў гэты дзень нарадзіўся францускі пісьменьнік Праспэр Мэрымэ, аўтар славутай “Кармэн”, які ў сваіх творах апісаў і наш край.
XS
SM
MD
LG