Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 28 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 28 верасьня

“Сялянская праўда” (пачала выдавацца замест зачыненага ўладамі “Сына Беларуса”), 1924 год:

“Пасьля вялікіх клопатаў урэшце былая Нясьвіжская Беларуская Гімназія адчынілася у м.Клецку, Нясьвіжскага павету, бо ў Нясьвіжы не маглі знайсьці адпаведнага будынку. Зацікаўленасьць люднасьці сваей роднай беларускай гімназіяй аграмадная: вучні прыяжджаюць і з суседніх паветаў: Стаўпецкага, Баранавіцкага, Наваградцкага і Лунінецкага. Ужо пачаліся прыймовыя экзамены. У гімназію прыймаюцца вучні і вучаніцы і з пачатковых школ, і польскіх і расейскіх гімназіяў. Для прыежджых ладзіцца інтэрнат”.

“Звязда”, 1934 год. Прамова намесьніка старшыні праўленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў Беларусі Александровіча:

“Мы з’яўляемся перадавымі людзьмі, а часта пішам няграматна, не сочым за сваёй мовай. Калі гаворыш на рускай мове, то трэба гаварыць абсалютна граматна па-руску, а калі гаворыш на беларускай мове, то трэба гаварыць абсалютна правільна па-беларуску. Гэта патрабаванне зусім законна пастаўлена перад намі, і ўсе мы павінны змагацца за культуру і далейшае ўдасканаленне мовы”.

“Белорусская деловая газета”, 1994 год:

“Усьлед за Булахавым найбліжэйшае прэзыдэнцкае атачэньне зьесьць іншых “інтэлектуалаў”, што цудам трапілі ў магілёўскія асінкі – Ганчара, Цапкалу, Капітулу, Фядуту. Разам з загадзя прысуджаным урадам адыдзе Сасноў. І, нарэшце, Прэзыдэнт будзе змушаны адмовіцца ад паслуг Сініцына, які, безумоўна, зьяўляецца асобай залішне моцнай і валявой. Узамен ён атрымае Замяталіна і Антановіча, пасьля чаго яму, як Нэрону, застаецца альбо спаліць Рым (Менск), альбо кінуцца на меч, паколькі Сэнэкі, здольнага навучыць чаму-небудзь разумнаму нашага імпэратара, побач ня будзе”.
XS
SM
MD
LG