Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП запатрабавала ад газэты “Віцебскі рабочы” прабачэньняў за абразу гонару й годнасьці


Браніслава Станкевіч, Віцебск Журналіст Уладзімер Касьцюкевіч, які ў кожным сваім артыкуле пра прадстаўнікоў апазыцыі ўжывае абразьлівыя выразы, не называючы прозьвішчаў, а таксама рэдактар “Віцебскага рабочага” Ўладзімер Раманоўскі сустрэліся са спадарыняй Залескай. Размова адбывалася ў прысутнасьці нашай карэспандэнткі.

Зусім нядаўна наша радыё паведамляла пра тое, што Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў атрымалі прысуд – два гады зьняволеньня кожнаму – за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. А ці лёгка адстойваць сваю годнасьць простаму чалавеку?

Нялёгка, асабліва калі гаворка ідзе не зусім пра “простую” асобу, а пра досыць вядомага мясцовага палітыка. І абразілі старшыню гарадзкой арганізацыі АГП таксама публічна: на старонках газэты, якая выходзіць накладам амаль 10 тысяч паасобнікаў, журналіст назваў Алену Залескую “старой демократической каргой”. Магчыма, аўтар артыкула Ўладзімер Касьцюкевіч, які пісаў гэта ў артыкуле пра затрыманьне ўдзельнікаў “Ланцугу неабыякавых людзей”, спадзяваўся выклікаць нэгатыўнае ўражаньне пра спадарыню Залескую, але тых, хто яе ведае, гэты “пасаж” проста абурыў: апрача таго, што спадарыня Залеская ў свае 72 гады добра выглядае, яна мае вялікі пэдагагічны стаж і некалькі соцень удзячных вучняў ва ўсім горадзе.

Алена Залеская абурылася таксама і вырашыла прыцягнуць аўтара да адказнасьці. Выклаўшы свае доказы ў лісьце, яна рушыла проста ў кабінэт рэдактара, куды, паводле ейнага патрабаваньня, быў выкліканы і журналіст Касьцюкевіч.

Памылкі не прызнаў ні журналіст, ні рэдактар. Рэдактар Уладзімер Раманоўскі, які, дарэчы, ачольвае віцебскую абласную арганізацыю журналістаў, увогуле не схацеў камэнтаваць учынак свайго калегі.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы асабіста ставіцеся да таго, што ваша газэта зьмяшчае выразы кшталту “Старая дэмакратычная карга?”

(Раманоўскі: ) “Гэта наша справа,і ёй будзе дадзены адказ. І ня трэба мне гэты мікрафон!”

Аўтар артыкулу Уладзімер Касьцюкевіч быў гэтаксама нешматслоўны.

(Касьцюкевіч: ) “Гэта мастацкі вобраз такі”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы ня лічыце, што гэтыя словы абражаюць чалавека?”

(Касьцюкевіч: ) “Абсалютна не!”

(Карэспандэнтка: ) “І ў вашай газэце такое дазваляецца?”

(Касьцюкевіч: ) “Дазваляецца”.

(Карэспандэнтка: ) “І прабачэньня ад вас Алена Васільеўна не дачакаецца?”

(Касьцюкевіч: ) “Абсалютна не. Можа, гэта і не пра яе напісана”.

(Карэспандэнтка: ) “А вас яшчэ ніколі не прыцягвалі да суду за абразу гонару ды годнасьці чалавека?”

(Касьцюкевіч: ) “Не, не прыцягвалі”.

Гэтак стрымана спадары зь “Віцебскага рабочага” паводзілі сябе толькі пры ўключаным дыктафоне. Варта было яго выключыць, як абодва адразу ж сарваліся на крык.Прычым перапала ад іх і Радыё Свабода, якое, на іхную думку, займаецца разьдзьмуваньнем дробязей да міжнароднага маштабу, і беларускай апазыцыі, якая нібыта існуе толькі на паперы й трымаецца на заробках ад заходніх “гаспадароў”. Вось тады я адчула, што слова “карга” – гэта яшчэ самы мяккі выраз, які дапусьціў Уладзімер Касьцюкевіч у дачыненьні да прадстаўнікоў апазыцыі.

Зрэшты, пра сваіх палітычных апанэнтаў спадар Касьцюкевіч заўсёды піша ў такім абразьлівым тоне, абачліва ня згадваючы іхныя прозьвішчы. Бо гэта відавочная небясьпека аднойчы трапіць у суд. Але ў апошнім выпадку спадар Касьцюкевіч не прадугледзеў таго, што спаміж пэрсанажаў артыкулу Алена Залеская была адзінай жанчынай сталага ўзросту, і аргумэнты кшталту “а я не пра яе зусім пісаў” ня маюць сэнсу.

Алена Залеская накіравала ліст у дзяржаўны Саюз журналістаў, каб дачакацца нейкай рэакцыі адтуль, бо яна лічыць, што спадар Касьцюкевіч парушыў правілы прафэсійнай этыкі. Але яна ня пэўная, што яе там падтрымаюць, як не падтрымалі ў рэдакцыі “Віцебскага рабочага”.

(Залеская: ) “Рэдактар таксама немалады, сталы чалавек. І я чакала ад яго нейкай рэакцыі абурэньня, што мяне так абразілі. Але гэтага я ня ўбачыла. Ён лічыць гэта нармальным і сьцьвярджае, што ўся апазыцыя працуе за вялікія грошы. Няхай палічыць свае і падумае, за што яму плацяць, калі ён дазваляе сваім супрацоўнікам пісаць усё, што ім заманецца!”

Проста так дараваць крыўдаў Алена Залеская не зьбіраецца, і кажа, што другім ейным крокам будзе ўжо судовы пазоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG