Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты Беларусі спрабуюць аб’яднацца


Уладзімер Глод, Менск На прэзыдэнцкія выбары 2006 году сацыял-дэмакраты Беларусі хочуць выйсьці з адзіным кандыдатам. Менавіта на гэта накіраваная канцэпцыя аб’яднаньня левых сілаў, прэзэнтацыя якой адбылася ў Менску. Паказальна, што сацыял-дэмакратычны форум рыхтавалі, перадусім, прадстаўнікі партыяў Станіслава Шушкевіча й Міколы Статкевіча, асабістыя адносіны якіх цяжка назваць прыязнымі. Чаму менавіта цяпер сацыял-дэмакраты загаварылі пра аб’яднаньне і наколькі яно можа стаць рэчаісным?

Тое, што аб’ядноўвацца патрэбна, ніхто не аспрэчвае. Лічыцца, што цяпер у Беларусі існуюць аж сем партыяў, якія заяўляюць, што ў пэўнай ступені падтрымліваюць сацыял-дэмакратычныя каштоўнасьці. Акрамя дзьвюх узгаданых гэта і жаночая партыя “Надзея”, і Партыя камуністаў Беларуская, і сацыял-дэмакраты з “Народнай згоды” ды іншыя.

Зразумела, паўстае пытаньне: што ж перашкаджае скласьці сілы? Адказ вядомы, і гучаў ён ужо неаднаразова: перадусім, асабістыя амбіцыі лідэраў. Але цяпер працэс ідзе зьнізу. Да таго ж, сацыял-дэмакраты лічаць, што беларускія ўлады ўхапілі менавіта іхныя ідэі і, хаця й скажона, але надзвычай выгодна для сябе выкарыстоўваюць.І вось што сказаў мне пра ўсё гэта адзін з галоўных арганізатараў сацыял-дэмакратычнага форуму Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Чаму мы так акцэнтуем увагу на левым накірунку? Цяпер толькі сьляпы не бачыць, што лібэральная ідэя, нават у Расеі, дзе яна ў свой час набрала сілу, апошнім часам з-за савецкага мэнталітэту адышла на другі плян. А прывабная ідэя, зь якой трэба ісьці на выбары – гэта ідэя сацыял-дэмакратыі. І таму трэба зараз аб’ектыўна ўлічваць сытуацыю й большы акцэнт рабіць ўсё ж на левы блёк. Тым больш што электарат правых партыяў абавязкова будзе галасаваць за новага кандыдата, супраць Аляксандра Лукашэнкі. А вось зь левым электаратам працаваць трэба вельмі многа. Таму, што гэта электарат Лукашэнкі – гэта вэтэраны, інваліды, чарнобыльцы... І сацыял-дэмакраты, іхныя ідэі становяцца для іх больш прывабнымі”.

Ініцыятыва аб’яднаньня ідзе з рэгіёнаў. Рэгіёны ставяць пытаньне перад лідэрамі рубам: альбо аб’ядноўвайцеся, альбо будзем шукаць новых кіраўнікоў. Да таго ж, апошнім часам у левых партыях усё большую ролю адыгрываюць менавіта абласныя й гарадзкія арганізацыі. Адзін з удзельнікаў форуму, сакратар-каардынатар фракцыі Грамады ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Віктар Алампіеў лічыць, што ў гэтага працэсу – добрая будучыня:

(Алампіеў: ) “Спробы аб’яднацца робяцца ўжо некалькі год. Але раней гэта былі спробы аб’яднаць лідэраў – Шушкевіча, Статкевіча, іншых кіраўнікоў сацыял-дэмакратаў. Асаблівасьць цяперашняга працэсу ў тым, што ён пачаўся зьнізу, у рэгіёнах. Надышоў час не прыкладаць сілы, як гэта рабілі ўсім вядомыя лебедзь, рак і шчупак, а складаць іх. Складаць для дасягненьня адзінай мэты”.

Сацыял-дэмакраты зьбіраюцца вылучыць свайго прадстаўніка на прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Ці можна ўжо сёньня меркаваць, хто будзе гэтым адзіным кандыдатам? Я зьвярнуў увагу на тых вядомых амбіцыйных людзей, якія зьявіліся на форуме. Тут былі Валеры Фралоў, Аляксандр Ярашук, Аляксандр Бухвостаў, Генадзь Грушавы. І яшчэ тры асобы падаліся мне цікавымі. Вось як патлумачыў іхную прысутнасьць спадар Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Калі мы запрасілі Натальлю Машэраву, то мы бачым, што яна апошнім часам зрабіла палітычны дрэйф у бок левага цэнтру з артадаксальнага левага краю. І зараз яе разважаньні, яе падыходы нас вельмі цікавяць. Калі мы запрасілі Пятра Краўчанку, дык ён стаяў каля калыскі сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі. А той жа Леанід Сініцын? Можна абвінаваціць яго, што ён быў галоўным стваральнікам Лукашэнкі. Але тая пазыцыя, якую ён займае апошнім часам, нас задавальняе. Цяпер ужо, як я бачу, трэба забыцца пра мінулае й працаваць на вынік, трэба дапамагаць людзям, якія здольныя перамагчы Аляксандра Лукашэнку”.
XS
SM
MD
LG