Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне затрымалі кандыдата ў дэпутаты


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Бераставіцы міліцыянты затрымалі на 2,5 гадзіны кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алеся Зарэмбюка. Спачатку яго трымалі ў Бераставіцкім райвыканкаме, дзе знаходзіцца Мастоўская акруговая выбарчая камісія N58, затым даставілі ў райаддзел міліцыі.

Начальнік райаддзелу Ігар Захарчук, аднак, сказаў карэспандэнту Свабоды, што нічога ня ведае наконт затрыманьня кандыдата. Міліцыя знайшла хуліганаў, якія па тэлефоне пагражалі спадара Зарэмбюку. Пагроза аказалася жартам, таму ён забраў сваю заяву зь міліцыі і папрасіў прыпыніць справу. Аднак у Бераставіцы яго прымушалі падпісаць позву, паводле якой яго выклікалі “у якасьці” сьведкі ў абласную управу міліцыі. Па якой справе —указана не было. На дапамогу двум бераставіцкім прыехалі два гарадзенскія міліцыянты. Яны выклікалі панятых, каб тыя засьведчылі, што ён не падпісвае позву. Затым у пастарунку ў яго ўзялі пісьмовае тлумачэньне.

Паводле Алеся Зарэмбюка, сёньня быў апошні дзень падачы кандыдацкіх тэкстаў у райгазэты, і міліцыянты перашкаджалі яму зрабіць гэта. Ён лічыць, што дзеяньні міліцыянтаў адносна яго нейкім чынам зьвязаныя з тым, што яго асноўным канкурэнтам на выбарах будзе начальнік абласной міліцыі генэрал-маёр Анатоль Белашэўскі.

Алесь Зарэмбюк зьяўляецца прадстаўніком “Маладой Беларусі”, ён — дэпутат Мастоўскага раённага савету.
XS
SM
MD
LG