Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка — гэта беларускі сацыялізм з чалавечым тварам”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці пазьбегне Беларусь увядзеньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва? Ці зьявіцца ў краіне моцны палітычны лідэр, які мог бы скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на выбарах 2006 году? Якія рэальныя настроі ў беларускім грамадзтве, і ці адэкватна яны будуць адлюстраваныя ў падліках выбарчых камісіяў? Адзін са слухачоў, які ў сваім лісьце на Свабоду спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні — Аляксандар Івановіч зь Менску. Ён піша:

“Лукашэнка хваліцца, што ў 2005 годзе ў нас будзе зарплата 250 даляраў. А вось пра цэны маўчыць. Лекі, прадукты, паслугі, тавары — усё даражэе. Пэнсію падвысілі на 18–20%, а цэны вырасьлі на 25–30%. У адным акенцы ашчаднай касы грошы атрымліваеш — і ў другое тут жа амаль усё аддаеш за кватэру. Вось аб чым павінна гаварыць людзям апазыцыя. Прэзыдэнт павінен думаць не пра тое, як лядовыя палацы будаваць ды асабістыя самалёты купляць, а як людзям танныя лекі даць, як жыльлёвы фонд адрамантаваць. Такі прэзыдэнт для нас занадта дарагі — нам бы крыху таньнейшага. Без рэфэрэндумаў, бяз “Боінгу”. Рыначніка, а не такога, які трызьніць па СССР”.

У сваім лісьце Аляксандар Івановіч зь Менску зьвяртае ўвагу і на фармулёўку пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум:

“Гэта ж не адно пытаньне, а два. Адно — ці дазволіць Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах, і другое — пра зьмену Канстытуцыі. Але як тады галасаваць? Дапусьцім, я хачу дазволіць асабіста Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах, але супраць зьмены Канстытуцыі. Што мне тады рабіць? Гэтым пытаньнем атачэньне Лукашэнкі, у тым ліку ягоныя юрысты, паказалі ўсю сваю непісьменнасьць”.

Я б, спадар Івановіч, сказаў, што паказалі яны гэтым не непісьменнасьць, а паслужлівасьць і прафэсійную беспрынцыпнасьць. Для юрыста абсалютна відавочна тое, пра што вы напісалі: пытаньне сфармуляванае некарэктна, яно сапраўды ўтрымлівае два розныя пытаньні, на якія магчымыя розныя адказы. Але гэта зроблена зусім сьвядома: дзеля таго, каб Аляксандар Лукашэнка займеў магчымасьць удзельнічаць ня толькі ў выбарах 2006 году, але і ва ўсіх наступных выбарах — без усялякіх абмежаваньняў.

Іншыя погляды на блізкі рэфэрэндум у нашага слухача Сяргея Багдановіча з Горадні. Ён піша:

“Навошта вы зьневажаеце прэзыдэнта, сьцьвярджаючы, нібы ён хоча стаць пажыцьцёвым. Ні пра якое пажыцьцёвае кіраваньне ў пытаньні рэфэрэндуму размовы няма. Аляксандар Рыгоравіч пытаецца дазволу ўдзельнічаць у чарговых выбарах — і толькі. Дзеля гэтага і трэба зьмяніць Канстытуцыю. Убачыць прэзыдэнт, што справы ідуць дрэнна, што пара саступіць дарогу маладым, я ўпэўнены, ён сам сыдзе ў адстаўку, як сумленны чалавек. Як вы ня можаце бачыць, што няма ў Беларусі дастойнага палітыка, які мог бы замяніць Лукашэнку? Прыйдзе які-небудзь прайдзісьвет, пачне распрадаваць народную ўласнасьць, зьнікнуць парадак і дысцыпліна, расплодзяцца розныя злодзеі-прыхватызатары — і канец Беларусі. Усё скупяць Беразоўскія-Гусінскія, а мы будзем у іх парабкамі.

Лукашэнка — гэта беларускі сацыялізм з чалавечым тварам. Такі сацыялізм я бачыў у 1970-я гады ў ГДР. Там людзі жылі значна больш заможна, чым мы. І ўлада была цьвёрдая. І дэмакратыі хапала, было некалькі партыяў”.

Вось толькі самі ўсходнія немцы, спадар Багдановіч, чамусьці ўцякалі хто як мог ад таго сацыялізму з тварам Эрыха Хонэкера — праз Бэрлінскі мур, пад кулямі гэбістаў і памежнікаў, рызыкуючы жыцьцём. Дарэчы, калі працягваць вашы паралелі з Усходняй Нямеччынай: Эрых Хонэкер, прыйшоўшы да ўлады ў 1971 годзе, нікуды не зьбіраўся сыходзіць ні пасьля дзесяці, ні пасьля пятнаццаці гадоў кіраваньня. Аж пакуль у 1989 годзе на хвалі “аксамітнай” рэвалюцыі яго не пазбавілі ўсіх пасадаў і ня выключылі з партыі, а потым не аддалі пад суд.

Калі Аляксандар Лукашэнка даможацца свайго і ў Канстытуцыі зьнікне абмежаваньне тэрміну прэзыдэнцтва, не застанецца ніякіх гарантыяў таго, што ён ня будзе імкнуцца да пажыцьцёвай улады ў Беларусі. Вашыя, спадар Багдановіч, спасылкі на ягоную сумленнасьць гучаць досыць наіўна. Можна нагадаць, што ў 1994 годзе, адразу пасьля свайго абраньня, Аляксандар Лукашэнка абяцаў сысьці ўжо праз два гады, калі справы ня пойдуць на лад. У 1996-м сытуацыя ў Беларусі была ня лепшая, чым у 1994-м, але ні пра якую адстаўку прэзыдэнт больш ня згадваў. Наадварот, якраз тады ён распачаў узурпацыю ўлады ў дзяржаве, перапісваючы Канстытуцыю і аслабляючы ўсе іншыя галіны ўлады.

Наш даўні слухач Ільля Копыл у сваім лісьце зьвяртаецца да тэмы ўзаемадачыненьняў паміж уладай і спартоўцамі. Слухач піша:

“За праявы самастойнасьці, за адхіленьне ад так званай “генэральнай лініі”, за спробу паказаць, што маеш уласныя гонар і годнасьць спартовец можа страціць усё: права на выезд за мяжу на спаборніцтвы, месца ў зборнай, грашовыя ды іншыя ўзнагароды, ільготы. Усе ведаюць, які ціск адчувае цяпер трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч. Спартоўцы (і ня толькі яны) прывучаныя паводле мэтаду акадэміка Паўлава браць ежу па сыгналу гаспадара і толькі зь яго рукі, баяцца быць адсунутымі ад “карыта”, пра якое не саромеючыся на ўвесь сьвет нагадвае іхны гаспадар. Яму патрэбныя паслухмяныя міністры, чыноўнікі, настаўнікі, навукоўцы, судзьдзі, афіцэры, пісьменьнікі”.

На заканчэньне ў сваім лісьце Ільля Копыл прыводзіць два выказваньні пра Лукашэнку вядомага спартоўца, алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзьведзя. Першая цытата — з газэты “Звязда” ад 18 чэрвеня 1994 году. Спадар Мядзьведзь тады пісаў: “Можа, Лукашэнка хоць дзе-небудзь паказаў сябе як арганізатар? Не, на жаль. Саўгас, які ён узначальвае доўгія гады, па-ранейшаму ў канцы раённай зводкі па большасьці паказчыкаў. Дык гэта ў раёне. А размова ідзе аб дзяржаве, лёсе нашых дзяцей”. Сёлета перад Алімпіядай Аляксандар Мядзьведзь гаварыў пра сустрэчы з Лукашэнкам наступнае (цытата зь “Белорусской деловой газеты” ад 30 ліпеня: “Прэзыдэнт натхніў нас усіх, так што едзем у прыўзьнятым настроі. Якія ўражаньні ад зносінаў з прэзыдэнтам? Усё ж, ведаеце, прыемна, што на праводзінах ён знайшоў час паразмаўляць з кожнай камандай”.

“Даравалі зьнявагу, прыгалубілі”, — робіць выснову на падставе параўнаньня гэтых цытат наш слухач, былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску. Наўрад ці варта, спадар Копыл, надта строга судзіць славутага спартоўца за тое, што ў розныя гады ён гаварыў тое, што хацела ад яго чуць улада. Вы сам пераканаўча напісалі пра тое, наколькі залежныя зоркі спорту ад улады. Зразумела, што летам 1994 году, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, уся дзяржаўная прапагандысцкая машына працавала на тагачаснага прэм’ера Кебіча. Верагодна, уцягнулі тады ў гэту кампанію і Аляксандра Мядзьведзя. Як уцягнулі і многіх іншых, і ня толькі спартоўцаў. Многія зь іх, дарэчы, потым гэтак жа, як да ліпеня 1994 году, ганьбілі Лукашэнку, з такім жа імпэтам услаўлялі яго. Некаторыя і цяпер услаўляюць.

На заканчэньне ліст ад Міколы Канаховіча з Пружанаў. Слухач піша:

“Неяк слухаў вашу перадачу пра стаўленьне многіх вернікаў да асабістых нумароў у пашпартах. Быць судзьдзём у гэтых спрэчках не бяруся — тут я не спэцыяліст. А вось пра адзнаку ў пашпарце нацыянальнасьці ўладальніка паразважаць хацелася б, бо гэта мяне ня толькі цікавіць, але і турбуе. На той час, калі вырашалася пытаньне ўвядзеньня нацыянальных пашпартоў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, магчыма, такой патрэбы і не было: дастаткова было ўказаньня грамадзянства. Але ж цяпер пытаньне незалежнасьці стала рубам. А пасьля ўвядзеньня расейскага рубля краіна ўвогуле можа зьнікнуць з мапы сьвету. І тады нашы дзеці і ўнукі ня будуць ведаць, хто яны, якой нацыянальнасьці. Таму, на мой погляд, адзнаку нацыянальнасьці ставіць у пашпартах трэба абавязкова. Тым больш, што ніякіх складанасьцяў тут няма: Міністэрства юстыцыі дазволіла гэта рабіць па месцы жыхарства, у пашпартных аддзелах. Я ў сваім пашпарце на 28-й старонцы такую адзнаку ўжо зрабіў. А як лічыце вы, паважаная Свабода?”

У большасьці дэмакратычных краінаў сьвету зьвестак пра нацыянальнае паходжаньне грамадзянаў у пашпартах не ўтрымліваецца. Беларус, немец альбо араб, калі яны становяцца грамадзянамі ЗША, атрымліваюць аднолькавыя пашпарты і лічацца з гэтага моманту амэрыканцамі. Хоць пры гэтым, натуральна, ніхто не забараняе ім ганарыцца сваім паходжаньнем, шанаваць нацыянальныя традыцыі, навучаць дзяцей мове і гэтак далей. Цяперашні парадак, калі грамадзяне Беларусі паводле ўласнага жаданьня могуць пазначаць у пашпартах сваё нацыянальнае паходжаньне, выглядае даволі дэмакратычным.

А вашыя, спадар Канаховіч, апасеньні пра тое, што Беларусь як незалежная дзяржава ў блізкім часе можа зьнікнуць з мапы сьвету, сёньня выглядаюць ня надта абгрунтаванымі. Нацыянальны сувэрэнітэт Беларусі цяпер значна больш трывалы, чым гэта было ў сярэдзіне ці ў канцы 1990-х гадоў. Праўда, адбылося гэта ў асноўным з тае прычыны, што Аляксандар Лукашэнка страціў шанцы на высокую пасаду ў Маскве.

Дзякуй усім, хто напісаў нам. Чакаем ад вас новых лістоў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG